«Уся бюджэтная сфера ў Беларусі запэцканая брудам». Настаўніца з Ліды абвесціла забастоўку, і яе звольнілі


Марына Астрэйка 31 год адпрацавала ў школе, выкладала геаграфію. Мае вышэйшую катэгорыю. Але сёлета 1 верасня яна не вернецца ў школу: дырэктарка, прыхільніца Аляксандра Лукашэнкі, пастанавіла не працягваць кантракт з педагогам.

«Наколькі трэба быць запужанымі, каб звычайныя словы ўспрымаць як гераізм?»

Марына Астрэйка з 1996 года працавала настаўніцай геаграфіі ў школе № 6 г. Ліда Гарадзенскай вобласці. Наагул жа ў педагогіцы – з 1989 года. Атрымала вышэйшую катэгорыю. У 2016 годзе выйшла на пенсію, але працягвала працаваць.

17 жніўня спадарыня Марына і яшчэ тры настаўнікі выйшлі да школы з плакатам пра тое, што яны далучаюцца да агульнанацыянальнае забастоўкі.

Марына Астрэйка

«Гэта было раніцай, мы выйшлі, у школу на працу ішлі калегі, кіраўніцтва. На нас усе глядзелі па-рознаму, нехта падыходзіў, ціснуў руку, нехта праходзіў міма, – распавяла Марына Астрэйка пра страйк. – Мы выступілі з агульнанацыянальнымі патрабаваннямі аб прызнанні выбараў прэзідэнта сфальсіфікаванымі, спыненні гвалту сілавікоў, вызваленні палітвязняў. Было ў нас і мясцовае патрабаванне, да завуча ў выхаваўчай працы, якая была старшынёй выбарчай камісіі – каб яна прызналася ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання ці звольнілася. Я лічу, гэта пытанне этыкі. Як гэты чалавек будзе выхоўваць некага пасля ўдзелу ў хлусні?» – кажа суразмоўца belsat.eu.

Паводле спадарыні Марыны, дырэктарка школы Ірына Трэмбіч спачатку сказала, што кожны мае права на сваё меркаванне. Але ўсё змянілася пасля таго, як здымак забастоўкі настаўнікаў трапіў у інтэрнэт.

«Нас выклікала дырэктарка і пачала пытацца, якія прэтэнзіі мы маем канкрэтна да адміністрацыі школы, – распавядае настаўніца. – Потым прыйшоў прафкам. Нас пераконвалі, што на тэрыторыі школы нельга «уводзіць смуту», трэба захоўваць спакой, стабільнасць, таму што хутка 1 верасня і школа мусіць рыхтавацца да гэтай падзеі».

Але прымусіць Марыну Астрэйку маўчаць не атрымалася, і яна выступіла наступным днём на метадычным аб’яднанні настаўнікаў геаграфіі. Адзін з удзельнікаў зняў прамову на тэлефон і выклаў у інтэрнэт.

Пікет настаўнікаў
Удзельніцы акцыі падтрымання сумленных настаўнікаў у Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

«На мяне абрынуўся шквал каментароў з захапленнем, мне пісалі, што я гераіня. Але гэта мяне яшчэ больш засмуціла, бо наколькі трэба быць запужаным, каб самыя звычайныя словы ўспрымаць як нешта гераічнае? Я тады сама на свой тэлефон зняла відэа і выклала яго ў чат «Ліда для жыцця», – кажа настаўніца. – Паралельна з гэтым, наступным днём пасля метадычнага аб’яднання я прыйшла ў школу – удакладнялася вучэбная нагрузка. Мне сказалі, што мне даюць восем гадзін і захоўваюць класнае кіраўніцтва ў 7-ым класе – я гэтых дзяцей вяду з 5-га класа. Меркавалася, што я буду працаваць, як і звычайна. Але ў пятніцу да мяне прыйшла працаўніца аддзелу кадраў і прынесла на подпіс паперу пра тое, што адміністрацыя не падпіша са мной кантракт. Я не задавала ніякіх пытанняў, я разумею, чаму так адбываецца. Дырэктарка мне сказала, што яна падтрымлівае Лукашэнку і не саромеецца пра гэта казаць. Яна была на праўладным мітынгу 16 жніўня, і яна ганарыцца тым, што яна – ягоная прыхільніца. Таму я разумею, што не мае сэнсу з імі спрачацца».

Пасля таго як уключылі інтэрнэт – нібы фільм жахаў пабачылі

Паводле спадарыні Марыны, абстаноўка ў школе цяпер напружаная. Жанчына адчувае, што яе пазбягаюць. Настаўнікі калі і размаўляюць з ёю, то толькі на працоўныя тэмы. Людзі баяцца.

Марына Астрэйка найбольш засмучаная не самім звальненнем, бо, кажа, яна на пенсіі, ёй не трэба падымаць дзяцей, у адрозненне ад запужаных маладых настаўніц. Спадарыні Марыне невыносна жыць з думкаю, што ейная школа брала ўдзел у фальсіфікацыі выбараў і такім чынам спрычынілася да ўсяго, што адбывалася пасля.

Пікет настаўнікаў
Удзельніца акцыі сумленных настаўнікаў. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

«Я не магу на 100 % сцвярджаць, што былі фальсіфікацыі, але я размаўляла з незалежным назіральнікам, і ён мне распавёў, што там адбывалася, і як яго імкнуліся не дапусціць, – кажа спадарыня Марына. – А потым, калі нам уключылі інтэрнэт пасля выбараў, і я пабачыла ўсё гэта… Гэта як фільм жахаў. Я заўважыла, як пасля ўсіх гэтых відэа, сведчанняў нешта пачало змяняцца ў свядомасці нават тых людзей, якія былі раней на баку існай улады. Але, на жаль, ёсць і такія, як нашая дырэктарка, якая кажа, што для яе гонар – быць прыхільніцай дзейнага прэзідэнта. Выходзіць, яна за ўсё, што ў нас гэтыя тыдні адбываецца?»

Настаўніца распавядае, што цяпер адчувае моцную хвалю салідарнасці з боку грамадскасці. Жанчыну падтрымліваюць вучні, у тым ліку – былыя, бацькі вучняў, падыходзяць і дзякуюць нават незнаёмыя людзі.

Пікет настаўнікаў
Педагогі пікетуюць Міністэрства адукацыі падчас акцыі падтрымання сумленных настаўнікаў – тых, хто адмовіўся ўдзельнічаць у фальсіфікацыях і распавёў пра іх грамадскасці.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

«Мае вучні са старэйшых класаў, калі сустракаюць мяне, дзякуюць мне, ціснуць руку, прыносілі кветкі, белыя ружы. Былыя вучні падарылі бел-чырвона-белы букет, – распавядае жанчына. – Мяне бянтэжыць крыху такая папулярнасць. Мне падаецца, што геройства ў іншым. Напрыклад, у нас начальнік патрульна-паставой службы напісаў заяву аб сыходзе. Чалавек працаздольнага ўзросту, пазбавіўся ўсіх сваіх званняў, ільгот, пенсіі ды іншага. Вось гэта ўчынак».

«Мы сваім прыстасаваннем пабудавалі гэтую дзяржаву»

На думку спадарыні Марыны, цяпер грамадства саспела для змен, але памяняць сістэму, якую будавалі 26 гадоў, будзе цяжка.

«Мы сваім прыстасаваннем выбудавалі тое, што маем, – кажа настаўніца. – Я таксама прыстасоўвалася. Я не агітавала дзяцей уступаць у БРСМ, напрыклад. Я запрашала іншых настаўнікаў, але сама ў гэтым не брала ўдзелу. Але што гэта, калі не маё прыстасаванне? Вось так мы ўсе сядзелі і стваралі гэтую дзяржаву. А цяпер стала невыносна. Пачынаючы з вясны, яскрава бачна, што грамадства даспела да перамен. Мне цяпер кажуць часта – а што ж вы ўсе гэтыя гады сядзелі і маўчалі, не ў першы раз выбары і такая сітуацыя. Усё проста – саспела грамадзянская супольнасць».

Спадарыня Марына перажывае за тое, што цяпер будзе на ўроках тых настаўнікаў, якія былі ў выбарчых камісіях.

«Я бачу, што вучняў гэта ўсё цікавіць, яны ў курсе, хто быў у камісіях, – кажа жанчына. – Я сама не брала ўдзелу ў фальсіфікацыях. І не ўсе настаўнікі абавязаныя браць удзел. У той жа час сапраўды ёсць тыя, хто гэта рабіў. Мы размаўлялі з гэтымі сябрамі камісіяў, пыталіся: як яны жывуць з гэтым? У адказ – не пытайцеся, гэта мой душэўны боль. У той жа час я ж ведаю, што дзеці іхныя ў Менску, стаяць на гэтых мітынгах. У выніку разлад ужо не толькі на працы, але і ў сем’ях».

Пра апошняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ў школе не месца настаўнікам, якія не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі, Марына Астрэйка кажа, што гэта ўсё «падобна да нейкай агоніі». Жанчына хацела б, каб нехта патлумачыў маладым настаўнікам, што ні ў Працоўным кодэксе, ні ў Канстытуцыі няма такіх артыкулаў, паводле якіх некага можна звольніць за погляды.

«Калі цяпер пачнуць выганяць настаўнікаў за ідэалогію, то хто будзе выкладаць? Завучы ў выхаваўчай працы? У нас ужо ў горадзе не хапае настаўнікаў фізікі, матэматыкі», – кажа настаўніца.

Пікет настаўнікаў
Удзельнікі пікету сумленных настаўнікаў назіраюць за вадамётамі, якія едуць на плошчу Незалежнасці ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат» / Vot-tak.tv

Марына Астрэйка непакоіцца за будучыню адукацыі, але кажа і наступнае: усё, што адбываецца, адлюстроўваецца на якасці жыцця беларусаў наагул.

«Усіх прадстаўнікоў бюджэтнае сферы ў той ці іншай ступені замазала брудам вертыкаль улады, – кажа жанчына. – Настаўнікі ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў. Лекараў змушалі хлусіць пра каронавірус. Цяпер лекары не фіксавалі пабояў, таму што ім выдалі такі загад – мне распавялі вучні, якія трапілі пад дубінкі тут у нас, у Лідзе. Суддзі судзяць паводле нейкіх незразумелых законаў, абараняюць правы не людзей, а садыстаў. Армію цяпер таксама прыплялі. Міліцыя даўно ўжо ў гэтым. Мы ўсе цяпер сядзім запэцканыя ў бруд».

НА belsat.eu

Стужка навінаў