Усталяваны рэкорд наведвальнасці футбольнага матчу ў Беларусі. Фотарэпартаж

Фота

Новы абсалютны рэкорд гэтага сезону зафіксаваны падчас паўфінальнага кубкавага матчу берасцейскага Дынама і ФК Дняпро, на які прыйшло 7000 чалавек.

18 красавіка прайшлі першыя паўфінальныя гульні Кубку Беларусі па футболе. У іх берасцейскае Дынама і БАТЭ з аднолькавым лікам 2:0 перамаглі магілёўскі Дняпро і гарадзенскі Нёман.

У фінале турніру ў Магілёве хутчэй за ўсё сустрэнуцца БАТЭ і Дынама. Гэта можа быць трэцяя сустрэча каманд у новым сезоне. У матчы за Суперкубак перамог ФК Дынама – 2:1, а ў гульні чэмпіянату БАТЭ ўзяло рэванш – 2:0.

Нагадаем, што Дынама дзейсны ўладар Кубку Беларусі, а БАТЭ чэмпіён краіны, і калі каманды захаваюць перавагу здабытую дома, берасцейцы аўтаматычна заваююць апошнюю пуцёўку ад Беларусі ў Лігу Еўропы.

Дняпро стаў галоўнай сенсацыя гэтага Кубку Беларусі, які выбіў з барацьбы двух прызёраў мінулага чэмпіянату краіны. У 1/8 фіналу ў сталіцы магілёўскі клуб перамог менскае Дынама – 1:0, а ў чвэрцьфінале прайграўшы 1:3 Шахцёру, смог адгуляцца пасля ў Магілёве 2:0 і выйшаў у паўфінал.

У суперніцтве з Дынама клуб Вячаслава Ляўчука быў відавочным аўтсайдарам, Дняпро выбудавала эшалаваную абарону, і вялікую частку першага тайму не толькі паспявала адбіваць атакі суперніка, але і адказвала вострымі выпадамі.

Да моманту пакуль на 28-ай хвіліне гульні Павел Лоўгач груба не атакаваў абаронцу берасцейцаў Максіма Вітуса, і рэферы Сяргей Гараюцін выдаліў гульца гасцей. Гэта выдаленне прывяло да некалькіх сутычак на полі, але бліжэй да канца першага тайма Дынама адкрыла рахунак. Павел Няхайчык падаў са штрафнога, капітан берасцейцаў Аляксей Гаўрыловіч скінуў мяч далей і Павел Савіцкі вывеў Дынама наперад.

Ледзь каманды вярнуліся на поле пасля перапынку, як Дынама забіла яшчэ. Груба памыліўся абаронца Дняпра Алег Чмырыкаў і ганец Джоэль Фамэйе рэалізаваў выхад адзін у адзін з галкіперам і паставіў пераможную кропку ў гэтай гульні. Адзначым, што афрыканскі форвард Дынама адзначаўся галамі ва ўсіх кубкавых гульнях берасцейцаў у гэтым розыгрышы, і з шасцю забітымі мячамі выйшаў у лепшыя бамбардзіры турніру абагнаўшы Аляксея Хадневіча з Оршы. Цікавінкамі гэтай гульні таксама стала вяртанне на поле пасля траўмы Арцёма Мілеўскага, і дэбют бельгійскага навічка Дынама Марвіна Огунжымі. Абодва выйшлі на замену.

«Супернік быў вельмі добры, нас чакае складаны матч у адказ у Магілёве, але я вельмі задаволены, што мы ў хатнім матчы не прапусцілі галоў – гэта была адна з мэтаў не першы матч супраць Дняпра. У цэлым наша тактыка на гульню спрацавала», – заявіў на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер Дынама Радаслаў Латал.

«Выкажу суб’ектыўнае меркаванне: упэўнены, што ў гэтым матчы мы не былі статыстамі. Але, вядома, чырвоная картка, якая здарылася ў першым тайме, наклала адбітак на ход усёй гульні. Да гэтага моманту мы стваралі нядрэнныя пагрозы. І, хоць так, напэўна, нельга казаць, калі прысутнічае добрая рэалізацыя мы маглі б разлічваць на мінімальную перамогу», – сказаў галоўны трэнер Дняпра Вячаслаў Ляўчук.

У адказ паўфінальныя матчы Кубка Беларусі адбудуцца 2 траўня ў Магілёве і Горадні.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары