«Усміхніцеся, вас здымаюць»: беларускі абурыліся камерамі каля прымяральняў бялізны ў Менску


У менскім ЦУМе ў прымяральнях бялізны для жанчын вядзецца відэанагляд. Такая інфармацыя з’явілася ў сацыяльных сетках.

«Дзяўчынкі, будзеце ў аддзеле ніжняй бялізны ў менскім ЦУМе, памашыце ручкай ахо ўнікам і ахоўніцам», – так адна з карыстальніц Facebook Юлія пракаментавала фотаздымак, зроблены з прымяральнага пакою.

Вы прымяраеце бялізну, а вас здымае камера. Такі здымак зрабілі карыстальнікі сацсетак. Фота Facebook.com

Паводле здымка, на кабінкі, дзе дзяўчыны і жанчыны, прымяраюць інтымныя дэталі сваёй вопраткі, скіраваныя погляды відэакамер. Але папярэджанняў, што падчас прымеркі вас могуць здымаць, нябачна. Больш за тое, у каментарах іншыя жанчыны кажуць, падобная сітуацыя характэрная не толькі для ЦУМу, але і для іншых сталічных крамаў. У прыватнасці, для гандлёвага дому «На Нямізе».

Каб праверыць інфармацыю з сацыяльных сетак, мы скіраваліся ў гэтыя крамы. У ГД «На Нямізе» відэакамер у прымяральных мы не знайшлі. А ў ЦУМе камера хаця і вісіць каля адной з кабінак для прымеркі, на дадзены момант яе агляд абмежаваны своеасаблівай шырмай. Наколькі яна перашкаджае бачыць працэс пераапранання і прымеркі, невядома. Адзначым, што на фота, якое выкладалася раней у Facebook, гэтай шырмы яшчэ не было. Магчыма, яе з’яўленне стала якраз вынікам абурэння ў сацыяльных сетках.

Праз некаторы час камеру над прымяральнямі схавалі вось так. У ЦУМе кажуць, што камера ўвогуле не здымае. Фота Belsat.eu

У інфа-цэнтры ЦУМу на нашае пытанне адказалі, што камера, ўсталяваная каля прымяральнай, не працуе.

«Гэта муляж», – адзначыла супрацоўніца крамы.

Але навошта тады яе хаваць? На гэтае пытанне адказу мы не атрымалі. Есць таксама пытанне: што рабіць, калі ў якой-небудзь краме на кабінку для пераапранання будзе скіраваная сапраўдная камера? З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў Беларускае таварыства абароны спажыўцоў. У арганізацыі нічога не ведалі пра падобныя выпадкі і параілі грамадзянам у такой сітуацыі звяртацца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Бо самі камеры ў гандлёвых залах, асабліва пры наяўнасці адпаведнага папярэджання, парушэннем не з’яўляюцца, нагадалі ў арганізацыі.

Юрыст Аляксандр Жук распавёў Belsat.eu, што калі ёсць падазрэнні, што вас у прымяральнай могуць здымаць і што гэта парушае ваша права на прыватнасць і недатыкальнасць, то трэба спачатку пісьмова звярнуцца да адміністрацыі крамы. Калі атрыманы адказ вас не задаволіць, то трэба напісаць заяву ў пракуратуру.

«Адна справа, калі камера ўсталяваная ў самой краме ці на выхадзе – там усе апранутыя ходзяць. Калі ж гэта інфармацыя выйдзе шырэй, тады можна ўвогуле казаць пра разгалошванне персанальных дадзеных і парушэнне права на прыватнасць», – кажа суразмоўца.

Юрыст таксама адзначыў, што падобныя дзеянні крамаў могуць быць расцэненыя паводле артыкулу 179 Крымінальнага кодэксу як «незаконныя збіранне або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага», што караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам.

Камеру каля прымяральняў ужо схавалі. Фота Belsat.eu

Адзначым, што камеры, усталяваныя так, каб можна было сачыць за прымяральнымі, не з’яўляюцца беларускім вынаходніцтвам. Сёлета зімой здарыўся скандал з гэтай нагоды ў суседняй Расеі, дзе відэакамеры заўважылі ў прымяральных сеткі крамаў Familia. Некаторыя з пакупнікоў і інтэрнэт-карыстальнікаў нават склалі зварот у пракуратуру і распачалі збор подпісаў, каб спыніць практыку відэаздымак у прымяральных.

Звычайна расейскія крамы выкручваюцца з аналагічных скандальных сітуацый на падставе таго, што ў гандлёвых залах крамаў маюцца папярэджанні аб вядзенні відэаздымак, самі крамы – грамадскае месца, а ў прымяральных часцей за ўсё здараюцца кражы.

Варта таксама адзначыць, што не заўсёды відэазапісы з камер у прымяальных застаюцца ва ўласнасці крамаў. Напрыклад, у сакавіку ў Ізраілі быў затрыманы мужчына, які здолеў узламаць запісы камер відэаназірання ў адным з буцікоў Тэль-Авіву і запісаць пакупнікоў падчас таго, як яны, аголеныя, прымервалі купальныя касцюмы. Пасля гэтага ізраільскія праваахоўнікі рэкамендавалі крамам зрабіць так, каб камеры не змяшчаліся ў прымяральных ці іншых «адчувальных месцах».

Мы ж са свайго боку можам параіць агледзіцца ўважліва перад тым, як нешта прымяраць у кабінках для пераапранання.

МГ, Belsat.eu

Стужка навінаў