Усіх праціўнікаў заводу АКБ вызвалілі з ІЧУ, іх судзілі ў аддзяленні міліцыі


Затрыманы 14 красавіка на акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу Ягор Кандрацюк выйшаў на свабоду. Фота belsat.eu

Сёння выйшлі на свабоду ўсе затрыманыя ўчора і 12 красавіка праціўнікі акумулятарнага заводу, суды над берасцейцамі адбыліся ў памяшканні Ленінскага РАУСу Берасця, на працэс не дапусцілі праваабаронцаў, журналістаў і сваякоў, паведамляе карэспандэнт belsat.eu у Берасці.

З раніцы 15 сакавіка група падтрымання і сваякі прыехалі ў суд Ленінскага раёну Берасця, дзе даведаліся, што затрыманых будуць судзіць у РАУСе Ленінскага раёну Берасця, для гэтага ў міліцыю выехаў суддзя Ленінскага раёну Берасця Аляксандр Семянчук, які спецыялізуецца на «палітычных справах». Большасць падсудных запатрабавала азнаёміцца са сваймі справамі ды атрымала позвы ў суд на 18-га або 25 красавіка, а таксама новыя позвы ў міліцыю на 19-20 красавіка. Праваабаронцы мяркуюць, што праціўнікаў заводу зноў паспрабуюць затрымаць на выходныя. Справы двух затрыманых былі ўсё ж разгледжаныя: Алег Ярмоленка атрымаў 765 рублёў штрафу, а Мікалай Трацюк – 255 рублёў.

«На працэсы праціўнікаў заводу, якія прайшлі ў Ленінскім РАУСе, нікога не пусцілі, фактычна гэта адмова ў правасуддзі, у існасці правасуддзя не было. Грамадзяне цяпер мусяць дамагацца рэальнага разгляду сваіх справаў. Я лічу, што мы ўсё больш ідзём да паліцэйскай дзяржавы, калі судовыя паседжанні праходзяць у закрытым рэжыме ў засценках РАУСу», – сказаў belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

12-га і 14 красавіка за мірныя пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасця былі затрыманыя два дзясяткі асобаў.

Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек

АС belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары