Беларусы ў Кітаі: «Усіх пасажыраў просяць выйсці з аўтобуса, каб праверыць тэмпературу»


У Кітаі афіцыйна працягнулі святы на два тыдні. Суразмоўцы «Белсату» якія цяпер жывуць у Паднябеснай, распавядаюць, што ў людзей навокал у асноўным аптымістычныя настроі. Гучаць перакананні, што ўжо праз два тыдні хвароба пойдзе на спад, паколькі знойдзеныя лекі, якія здольныя змяншаць рызыку інфікавання.

Віктар Сакун, які працуе ў Кітаі, лічыць, што на самой справе новы каронавірус у большай ступені з’яўляецца медыя-вірусам. Навіны пра інфекцыю, якія паказваюць сусветныя медыі, часта не адпавядае рэчаіснасці.

«У медыях часта цяпер сітуацыя ў Кітаі зводзіцца да трох момантаў: на вуліцах няма людзей, крамы зачыненыя і ўсе ходзяць у масках. Таму выглядае карцінка даволі жахліва нават. Але на самой справе крамы працуюць, транспарт таксама працуе, адчыненыя аптэкі і шпіталі. Так, уведзеныя меры перасцярогі і сапраўды, усе ходзяць у масках. Але маскі патрэбныя не таму, што паўсюль вірус, а таму, што гэта індывідуальная мера перасцярогі», – распавёў «Белсату» Віктар Сакун, які жыве і працуе ў Кітаі.

Віктар Сакун адзначае, што ў Кітаі многія перакананыя што гэта ўся сітуацыя з каронавірусам прыцягнутая за вушы. Тым не менш фактычна ўсе меры перасцярогі прыняты як ад чумы. Але ўсё гэта каласальныя вучэнні як для народа, гэтак і для краіны.

Жыхарка Кітаю Сусанна Раю (Susanna Rayu), якая жыве ў Шанхаі, распавяла «Белсату», што ў людзей аптымістычны настрой.

Паводле яе словаў, горад ажывае пасля Навагодніх канікулаў. Менавіта праз святы некаторыя крамы і кавярні былі зачыненыя.

Людзі ў метро ў Шанхаі ў масках. Фота belsat.eu

Іншы субяседнік «Белсату» Андрэй Зарыньш, які жыве ў Гуаньчжоў, распавядае, што вырашыў перавезці сваю сямʼю ў Расею.

«Сярод маіх знаёмых шмат хто застаўся ў Кітаі, жывуць спакойна. Панікі няма. Я вырашыў перастрахавацца на ўсялякі пажарны і перавёз сваю сямʼю ў Расею. Проста для сябе вырашыў дачакацца заканчэння халоднага сезону ў Кітаі, з прыходам цяпла ўсё паступова развеецца», – распавядае Андрэй Зарыньш.

Андрэй Зарыньш.
Фота: https://vk.com/

Паводле яго словаў, у горадзе людзі стараюцца не выходзіць без асаблівай патрэбы з кватэры, але калі ўжо трэба выйсці, абавязкова ўсе апранаюць маскі. Улады КНР афіцыйна працягнулі святы да 12 -га лютага, каб людзі заставаліся пакуль па хатах:

«Усе навокал у абавязковым парадку ходзяць у масках. Я выпадкова згубіў сваю. І пакуль ішоў з кавярні да свайго офісу, атрымаў ажно тры заўвагі. Калі ахоўнік у будынку, дзе знаходзіцца мой офіс, таксама зрабіў мне заўвагу, я патлумачыў, што згубіў сваю. Дарэчы, ахоўнікі ў будынках офісаў цяпер займаюцца яшчэ і тым, што правяраюць у наведнікаў тэмпературу цела», – распавёў Віктар Сакун.

Акцыі на фондавай біржы пайшлі ўніз, але панікі няма

Віктар таксама адзначае, што ў гарадах нармальна працуе грамадскі транспарт. Але пры гэтым ва ўсіх, хто перамяшчаецца ў аўтобусах, правяраюць тэмпературу. Створаны адмысловыя блок-пасты. Здараецца, што ўсіх пасажыраў проста просяць выйсці з аўтобуса, каб праверыць тэмпературу. Персанал даволі добразычлівы, людзі жартуюць, усміхаюцца. Выглядае, што каронавірус пакуль не асабліва адбіўся і на эканоміцы краіны.

«Каціроўкі кітайскіх кампаніяў на фондавых рынках пачалі падаць. Але масавай панікі і масавага продажу акцыяў няма. Ігракі на біржы разумеюць, што гэта часовае зніжэнне коштаў. Таму тут нейкіх асаблівых праблемаў не назіраецца. Адначасова з гэтым няма падзення курсу кітайскай валюты», – удакладніў Віктар Сакун.

Hавiны
У Беларусі кітайцы скупляюць маскі, каб адправіць іх на радзіму
2020.01.31 09:44
  • Каронавірсу забраў жыцці 213 асобаў. Пры гэтым колькасць інфікаваных па стане на 31 студзеня склала 9 776 асобаў.
  • Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала эпідэмію коранавірусу ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. У класіфікацыі СААЗ такімі сітуацыямі лічацца «экстраардынарныя падзеі, якія будуць уяўляць рызыку ў галіне аховы здароўя іншым дзяржавам» і «патэнцыйна патрабуюць скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці».
  • Сачыць за распаўсюдам хваробы па свеце можна на адмысловым сайце.

СК belsat.eu

Стужка навінаў