Усе спарынг-партнёры Лукашэнкі. Хто хоча быць прэзідэнтам Беларусі?


Банкір, айцішнік, дачка першага беларускага доларавага мільянера, былы майстар ЖЭСу, экс-міліцыянт, фермер, блогеры, былы член Кампартыі Беларусі, чалавек-мем, кандыдаты пратэсту і выгнаннік апазіцыі. Усе яны хочуць заняць пасаду прэзідэнта Беларусі.

Распавядаем максімальна коратка пра магчымых спарынг-партнёраў Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца 9 жніўня.

Кожны з іх мусіць зарэгістраваць ініцыятыўную групу, сабраць 100 000 подпісаў беларусаў, а пасля прайсці рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Толькі тады яны змогуць памерацца электаральнай падтрымкай з першым прэзідэнтам Беларусі.

Ганна Канапацкая (43 гады)

Фота: facebook.com/anna.kanopatskaya/

Нарадзілася ў Менску. Скончыла юрфак БДУ. Працавала дырэктарам кампаніі «Гринрей», якая аказвае юрыдычныя паслугі. У 2016 годзе была абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. З 1995 па 2019 год была членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). У снежні 2019-га Палітрада АГП пазбавіла Канапацкую партыйнага членства з фармулёўкаю «за страту даверу».

Сёлета Ганна Канапацкая спрабавала ўзяць удзел у працэдуры абрання «адзінага» кандыдата ад апазіцыі. Ёй адмовілі. Фармальнаю падставаю стала неадпаведнае афармленне подпісаў, якія яна сабрала для ўдзелу ў абранні «адзінага». Акрамя таго, яе не падтрымалі прадстаўнікі АГП і БСДП(Г).

Ганна Канапацкая пра заклікі на пратэст, інтэрв’ю «Белсату» (люты 2020 г.)

«Я не магу браць на сябе адказнасць і заклікаць людзей на несанкцыянаваныя акцыі, бо разумею, якая гэта адказнасць і якія наступствы гэта пацягне. Калі вы запытаеце асабіста пра мяне – так, я буду выходзіць на акцыі пратэсту, я буду ў іх удзельнічаць».

Бацька Ганны Канапацкай – Анатоль Трухановіч, першы беларускі доларавы мільянер.

Валер Цапкала (55 гадоў)

Фота: facebook.com/valerytsepkalo/

Нарадзінец Горадні. Скончыў прэстыжны Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў МЗС СССР. Кандыдат юрыдычных навук у галіне міжнароднага права. Працаваў дарадцам кіраўніка Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь.

У 1994 годзе Валер Цапкала далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі. Пасля ягонай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Цапкала атрымаў пасаду намесніка кіраўніка МЗС. Быў амбасадарам Беларусі ў ЗША.

Валер Цапкала уручае даверчыя граматы прэзідэнту ЗША Білу Клінтану. 1 студзеня 1997 года.
Фота: Brigh7

З 2005 да 2017 года ўзначальваў Парк высокіх тэхналогіяў. Напярэдадні свайго звальнення даў некалькі рэзанансных інтэрв’ю, у якіх адкрыта крытыкаваў падыход дзяржавы да бізнесу.

Hавiны
Цапкала «Белсату»: Я – гэта я, а не клон нейкі
2020.05.11 20:44

Валер Цапкала збіраецца фінансаваць выбарчую кампанію з уласных сродкаў. Сёлета дзеля гэтага ён прадаў свой элітны дом, які знаходзіцца за Нацыянальнай бібліятэкай у Менску.

Давераная асоба адказная з збор подпісаў – Андрэй Ланкін (працуе ў кампаніі Wargaming, займае пасаду Strategic Sourcing Manager).

Hавiны
Цапкала заявіў, што ён «не ў апазіцыі да дзейнай улады» і забараніў публікаваць інтэрв’ю
2020.05.12 17:34

Віктар Бабарыка (56 гадоў)

Фота: facebook.com/vdbabariko

Нарадзіўся ў Менску. Вучыўся ў БДУ і Акадэміі кіравання. Скончыў магістратуру БДЭУ. З 1995 года працаваў у банкаўскай галіне. З 2000 да траўня 2020 года быў кіраўніком праўлення «Белгазпромбанку» (звольніўся па ўласным жаданні напярэдадні аб’яўлення аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы).

«Я вельмі баюся, што гэта апошні шанец правесці якія-кольвек выбары ў незалежнай Беларусі. І я палічыў для сябе, што гэта недапушчальна і сорамна шкадаваць пра тое, што не паспрабаваў нешта змяніць, апраўдваючы сябе тым, што змяніць нельга нічога», – патлумачыў прычыны свайго жадання ўзяць удзел у выбарах Віктар Бабарыка.

У 2002 годзе Аляксандр Лукашэнка аб’явіў Віктару Бабарыка падзяку за «шматгадовую самаадданую працу і значны ўнёсак у развіццё банкаўскай сістэмы» Беларусі. У 2015 годзе банкір атрымаў ганаровае званне «Мецэнат культуры Беларусі».

Філантроп і аматар мастацтва. Адзін са стваральнікаў ініцыятывы «Арт-Беларусь» – карпаратыўная калекцыя «Белгазпромбанку».

Андрэй Дзмітрыеў (39 гадоў)

Фота: vk.com/dzmitryeu

Мянчук. Жыве ў вёсцы. Скончыў ЕГУ. Служыў у войску. Займае пасаду сустаршыні кампаніі «Гавары праўду». Раней быў міжнародным каардынатарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Мы рыхтаваліся да гэтай кампаніі [выбары-2020 – заўв. Belsat.eu] апошнія пяць гадоў – з моманту 2015 года, калі мы выстаўлялі кандыдатам Таццяну Караткевіч, якая сабрала мільён галасоў [паводле НИСЭПИ], збіралі падтрымку. На сённяшні дзень мы гатовыя ісці ў гэтую кампанію нягледзячы на тыя перашкоды, якія сёння маюць усе: перадусім – пандэмія каронавіруса», – заявіў у размове з «Белсатам» Андрэй Дзмітрыеў.

Hавiны
Дзмітрыеў выйграў «макаронную справу» супраць Дзяржынскага шпіталю
2020.02.05 16:56

У інтэрв’ю euroradio.fm паведаміў, што зарабляе каля $ 700 у месяц.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. У 2017 годзе Дзмітрыеў апублікаваў план «Чаго можа дасягнуць апазіцыя за пяць гадоў». Па сутнасці, ён прапанаваў супрацу апазіцыі з уладамі, каб павялічыць прысутнасць прадстаўнікоў дэмсілаў у мясцовых саветах і парламенце. Часамі Дзмітрыева называюць прадстаўніком гэтак званай «канструктыўнай апазіцыі».

Юрый Ганцэвіч (43 гады)

Фота са старонкі Юрыя Ганцэвіча ў vk.com

Юрый Ганцэвіч – фермер-блогер з вёскі Пакалюбічы. Набыў папулярнасць у сеціве пасля публікацыі відэа, на якім ён эмацыйна распавядае працаўніку ДАІ, што на ім зарэгістравана дзевяць транспартавых сродкаў, і за кожны – трэба плаціць вялізны дарожны збор.

У 2019 годзе Ганцэвіч спрабаваў трапіць у Палату прадстаўнікоў. Фермер зладзіў яскравую кампанію – прыязджаў на свае пікеты на трактары і браў на перадвыбарчую агітацыю карову і казу.

«Ён захапіў усе галіны ўлады. Немагчыма выяўляць сваё меркаванне. Немагчыма збірацца [імаверна, што гаворка пра права на мірныя сходы – заўв. Belsat.eu]. Нельга зрабіць нейкія перамены. Усе беларусы адчуваюць страх. Усе баяцца страціць працу і маўчаць. Яны размаўляюць толькі на кухнях. З гэтым трэба скончваць», – сказаў у сваім звароце да беларусаў Юрый Ганцэвіч.

Падтрымлівае Сяргея Ціханоўскага.

Сяргей Ціханоўскі (?)

Ціханоўскі заявіў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты на сваім YouTube-канале «Страна для жизни»

Сяргей Ціханоўскі – даволі папулярны відэаблогер. На ягоны YouTube-канал «Страна для жизни» падпісаныя 165 тыс. чалавек. Ціханоўскі называе сябе прадпрымальнікам.

Вядома, што ён быў уладальнікам фірмы «Компас Прадакшн», якая займаецца вырабам відэаролікаў. У кампаніі нібыта ёсць офіс у Маскве. Прадакшн быў арыентаваны на расейскі і ўкраінскі рынак. Сайт кампаніі не працуе. Пакуль пра Ціханоўскага вядома няшмат.

Hавiны
Хто такі блогер Сяргей Ціханоўскі, які хоча быць прэзідэнтам Беларусі
2020.05.08 22:06

Павел Спірын (36 гадоў)

Фота: facebook.com/PavelSpirinBelarus

Павел Спірын – менскі блогер. Аўтар нашумелага фільму «Айчым» пра Аляксандра Лукашэнку (1,1 млн. праглядаў на YouTube). Фільм выйшаў напрыканцы 2017-га. Кансультаваў Спірына вядомы беларускі дакументаліст Юрый Хашчавацкі.

У чэрвені 2019 года Павел Спірын апублікаваў на сваім YouTube-канале фільм «Грань 2019». У стужцы сцвярджаецца, што дачыненне да гандлю буйнымі партыямі наркатычных рэчываў мае «цэнтральны апарат МУС». Суд уключыў «Грань 2019» у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Працаваў майстрам у ЖЭСе. У 2012-м і 2016 годзе спрабаваў стаць дэпутатам.

Алег Гайдукевіч (43 гады)

Нарадзіўся ў Менску. Вучыўся ў Акадэміі МУС. З 1999 па 2012 год працаваў у праваахоўных структурах. Звольніўся з МУС у званні падпалкоўніка. У 2012 годзе стаў намеснікам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ), якой кіраваў ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч. Цяпер Алег Гайдукевіч узначальвае ЛДПБ. У 2019 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.



У ініцыятыўную групу Гайдукевіча-малодшага ўжо ўваходзяць 4000 асобаў. Пра намер удзельнічаць у выбарах-2020 Алег Гайдукевіч казаў даўно. Па сутнасці, ён пераняў эстафету ад свайго бацькі, які тройчы быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі (на выбарах у 2001, 2006 і 2015).

Кандыдаты пратэсту

Экс-палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч разам з паплечнікамі збіраецца падаваць дакументы на рэгістрацыю, каб выкарыстаць выбарчую кампанію для арганізацыі масавых акцыяў.

У інтэрв’ю Belsat.eu Мікалай Статкевіч заявіў, што збіраецца зарэгістраваць некалькі дзясяткаў ініцыятыўных групаў гэтак званых «кандыдатаў пратэсту».

«Выбары, якіх на самой справе няма, трэба выкарыстаць для арганізацыі масавых акцыяў. Для гэтага мы падаем на рэгістрацыю маю ініцыятыўную групу. Паколькі мяне, хутчэй за ўсё, не зарэгіструюць праз судзімасць, яшчэ паралельна будуць падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўныя групы «кандыдаты пратэсту». Будзе іх 20, 30 – пакуль не ведаю. Стратэгія такая, што мы рэгіструем ініцыятыўныя групы і на пікетах па збору подпісаў пачынаем кампанію пратэсту», – распавёў Статкевіч.

Віталь Зялкоўскі (40 гадоў)

Скрыншот з vk.com/zelkovsky

Віталь Зялкоўскі, вядомы ўсяму свету як «суровы беларус» або «суровы турыст», заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі яшчэ ў 2019 годзе. Віталь нарадзіўся ў Маладзечне. Жыве ў Менску. У заяве аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў якасці месца працы Зялкоўскі пазначыў winlockfiredoors.com.

У 2014 годзе Зялкоўскі ўступіў у Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі і стаў намеснікам Гайдукевіча.

Hавiны
«Суровы Зе кандыдат». Віталь Зялкоўскі актыўна рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў
2020.01.10 10:42

У 2019-м у інтэрв’ю the-village.me Зялкоўскі заявіў, што «стане прэзідэнтам з першага разу».

Віталь Зялкоўскі стаў вядомы ў 2013 годзе пасля таго, як на амерыканскім сайце «Reddit» з’явіўся мем з ягоным удзелам.

Сяргей Чэрачань (35 гадоў)

Галоўная старонка сайту Сяргея Чэрычня

Нарадзіўся ў Крычаве (Магілёўшчына). Да 18 гадоў жыў у Магілёве. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацыяў», паралельна – у Інстытуце бізнес-тэхналогіяў «Атлант-М».

Працаваў кансультантам па крызісным менеджменце.

Быў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі. Цяпер узначальвае Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, якой раней кіраваў Станіслаў Шушкевіч. У інтэрв’ю belaruspartisan.by Станіслаў Шушкевіч назваў Чэрычня «амбіцыйным чалавекам».

Мікалай Арцюхоў (40 гадоў)

Мікалай Арцюхоў. Фота з сайту ягонага руху «Адзінства»

Індывідуальны прадпрымальнік, уласнік салону друку «КапірФілд».

У каментары Belsat.eu Мікалай Арцюхоў заявіў, што збіраўся падтрымаць сустаршыню БХД Паўла Севярынца, але пасля ягонага зняцця вырашыў вылучацца самастойна.

Наталля Кісель (51 год)

Жыве ў Менску, мае ІП, з’яўляецца намесніцай дырэктара транспартнай кампаніі па грузаперавозках. Пра вылучэнне ейнай кандыдатуры піша auto.tut.by. Наталля – чалец Савету Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8», мае тры вышэйшыя адукацыі.

Наталля Кісель. Крыніца: auto.tut.by

Раней Наталля Кісель мела акрэдытацыю пры Дэпартаменце банкруцтва – антыкрызісны кіраўнік катэгорыі «В». Займалася перамовамі з Мінтрансам падчас скандалу з польскімі дазволамі для паездак беларускіх дальнабойнікаў.

Ніколі раней не займалася палітыкай. Мае двух дзяцей.

Андрэй Іваноў (52 гады)

На YouTube-канале «Белрусінфа» Андрэй Іваноў распавёў, што збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Як піша «Наша Ніва», Іванову 52 гады, ён родам з Томска – што выключае яго ўдзел у гонцы на прэзідэнцтва. Скончыў БНТУ, дзе пасля выкладаў. Беларусь ён часта называе «Белай Руссю», выступае за саюз з Расеяй. Мае 6 дзяцей.

Андрэй Іваноў. Крыніца: скрын з відэа

На выбары ён збіраецца з лозунгамі аб маральнасці і духоўнасці.

Спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты, хутчэй за ўсё, будзе аднаўляцца.

Гэта проста вынік запыту ў «Google»

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў