Усе пратаколы Вікі Біран, якая пратэставала супраць гамафобнай заявы МУС, суды адправілі на дапрацоўванне


Суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёну Менску адправілі на дапрацоўванне ў адпаведныя РУУСы ўсе тры пратаколы ЛГБТК-актывісткі Вікі Біран аб адміністратыўным правапарушэнні нібыта за правядзення несанкцыянаванай масавай акцыі.

Пратаколы былі складзены на Віку Біран за тое, што яна 24 траўня сфатаграфавалася ля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду з плакатам «Самі вы падробка» ў знак пратэсту супраць гамафобскай заявы Міністэрства ўнутраных справаў. Паколькі актывістка сфатаграфавалася тройчы, на яе было складзена адразу тры пратаколы, прычым у трох розных раёнах сталіцы.

Першае паседжанне Маскоўскага суду адбылося 6 чэрвеня без удзелу Вікі Біран і яе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнне па ч.1 арт. 23.34 КаАП быў вернуты на дапрацоўку.

Цяпер жа Віка Біран паведамляе, што аналагічным чынам паступілі суды Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў.

Магчыма, пасля дапрацоўкі, пратаколы зноў будуць накіраваныя ў суды для разгляду, паведамляе spring96.org.

Нагадаем, 20 траўня на сайце МУС была апублікаваная заява з крытыкай людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

«Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка! Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу. Але пры гэтым мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым. Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!» – адзначалася ў заяве.

Заява выклікала вялікі рэзананс. У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць скандальных выказванняў на сайце МУС. Увагу на неадназначную пазіцыю беларускага МУС, якую шмат хто палічылі адкрыта гамафобскай, звярнулі таксама міжнародныя СМІ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў