Усе кнігі менскай трылогіі Сяргея Пясецкага даступныя па-беларуску


Апошнюю часткі менскай трылогіі на беларускую пераклалі Марыя Пушкіна і Віктар Шукеловіч. Фота – «кнігарня Логвінаў»

Пераклад апошняга раману зладзейскай трылогіі, дзеянні якой адбываюцца ў Менску сто гадоў таму, прадставілі ў суботу ў беларускай сталіцы.

Прэзентацыя трэцяй часткі менскай трылогіі Сяргея Пясецкага «Ніхто дабром не дасць збаўлення» на Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску сабрала аншлаг. У сустрэчы ўзялі ўдзел унучка пісьменніка і музыка Лявон Вольскі. На сустрэчы таксама прысутнічала рэдактарка трылогіі Марына Казлоўская ды перакладчыкі кнігі Марыя Пушкіна і Віктар Шукеловіч, вядоўца праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце».

«Герой кнігі Ян Нацэвіч – гэта, пэўна, у нейкай ступені сам Пясецкі», – казала падчас прэзентацыі Эва Тамашэвіч, унучка пісьменніка, якая цяпер працуе над ягонай біяграфіяй.

Як распавяла спадарыня Эва, яе дзядуля ніколі не хаваў свайго «сантыменту да злачыннага свету», пра які і апавядаюць раманы зладзейскай, або менскай трылогіі.

Падзеі раману адбываюцца ў Менску ў 1919-м годзе пасля выхаду з гораду немцаў і перад прыходам бальшавікоў.

«Незвычайна, што кнігі Сяргея Пясецкага настолькі папулярныя ў Беларусі. З аднаго боку, гэта, вядома, заслуга таленту і надзвычай маляўнічых і бурных гісторыяў. З іншага, напэўна, вялікае значэнне мае тое, што гэта адно з нешматлікіх сведчанняў эпохі, бурлівага перыяду зменаў на гэтай тэрыторыі», – дадала Эва Тамашэвіч ў размове з агенцтвам «PAP».

Пераклад Менскай трылогіі на беларускую супаў са стагоддзем падзеяў, апісаных у кнігах. Фота – «кнігарня Логвінаў»

Падчас сустрэчы музык Лявон Вольскі выканаў некалькі песень з «Народнага альбому», прысвечанага падобнай тэме – жыццю беларускіх мястэчак у перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі.

«Папулярнасць кніг Пясецкага, а таксама «Народнага альбому» паказвае, што гісторыя нашай краіны да гэтага часу нераскрытая, занадта мала даследаваная. А ёсць чым заняцца – гісторыі настолькі маляўнічыя і цікавыя, што цяжка прайсці побач», – сказаў Вольскі.

На думку Вольскага, разам з ростам нам нацыянальнай самасвядомасці беларусаў будзе расці патрэба заняцца гісторыяй, у тым ліку міжваеннага часу ды перыяду Другой сусветнай.

Hавiны
Вядоўца «Белсату» пераклаў на беларускую мову раман, дзеянне якога адбываецца ў Менску 100 год таму
2018.03.03 21:57

Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў Ляхавічах у сям«і беларускі і зрусіфікаванага паляка ў 1901-м годзе. Пасля пачатку Першай сусветнай сям’я ўцякла ў расейскі Уладзімір.

Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1917 года ён апынуўся ў Маскве. Бальшавіцкі тэрор настолькі яго ўразіў, што ў Менск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў беларускай партызанцы і ў шэрагах Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. Затым пераязджае ў Ракаў, які знаходзіўся на мяжы з Савецкай Беларуссю, у міжваенны час на працягу 5 гадоў займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.

У 1927-м Пясецкаму далі 15 гадоў турмы за рабаўніцтва. На сёмым годзе зняволення Пясецкага пачыгае пісаць. Турэмная адміністрацыя не замінала гэтаму. Лічыцца, што ягоныя творы лёгка чытаць беларусам, бо польскую мову Пясецкі вучыў падчас напісання сваіх твораў.

«Ніхто дабром не дасць збаўлення» па-беларуску выдае «Логвінаў», публікацыю падтрымаў Польскі інстытут у Менску.

ДД

Стужка навінаў