Усе бягуць! Паўтысячы гарадзенцаў узялі ўдзел у забегу цвярозасці


Шосты год запар раніцай 1 студзеня сотні людзей удзельнічаюць у забегу цвярозасці. Сёлета ў Горадні беглі каля 500 чалавек. І за ўсе гады гэта – рэкорд.

Удзельнікі забегу цвярозасці.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Арганізатарам забегаў у першы дзень Новага году з’яўляецца Гарадзенская епархія праваслаўнай царквы. Айцец Павел Каспяровіч, які традыцыйна займаецца арганізацыяй спартовых спаборніцтваў у епархіі, сёлета не толькі сустракаў удзельнікаў ды рабіў аб’явы, але і сам прыняў удзел у забегу.

Айцец Павел Каспяровіч, прадстаўнік Гарадзенскай епархіі БПЦ.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сэнс забегу, паводле ўдзельнікаў, не столькі ў тым, каб першым дабегчы да фінішу, адолеўшы 5 км трасы праз лес Пышкі, колькі ў тым, каб паказаць, што нават на святы можна быць цвярозым і трымацца здаровага ладу жыцця.

На забег гарадзенцы прыязджалі паасобку і цэлымі семʼямі. Былі таксама госці з Кітаю, Расеі ды ЗША.

Удзельнікі забегу цвярозасці.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Наагул у лесапарку панаваў святочны настрой, а ў адмысловым намёце раздавалі кубачкі… не, не з шампанскім ці гарэлкай, але з цёплым малаком. Варта адзначыць, што сярод бегуноў апынуліся як чыноўнікі з гарвыканкаму, так і патрыятычныя маладзёны ў саколках гурта Brutto.

Грэгары, удзельнік забегу з ЗША.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў