Усаў: Беларуская дзяржава – хворы чалавек, які здольны дыхаць толькі ў баракамеры


Павел Усаў

Напрыканцы красавіка ў Варшаве прэзентавалі праграму эканамічных і палітычных рэформаў Беларусі, распрацаваную камандай Зянона Пазняка. З нагоды з’яўлення Народнай праграмы «Вольная Беларусь» Валярына Кустава пагутарыла з адным з яе сустваральнікаў, доктарам паліталогіі, палітолагам Паўлам Усавым.

Валярына Кустава: Павел, зрабіць такую грунтоўную працу – нялёгкая справа. Пагатоў 9 яе стваральнікаў знаходзіліся па розных кутках зямлі: Менск – Варшава – Нью-Ёрк. Як атрымлівалася каардынаваць дзеянні, выпрацоўваць супольны канцэпт?

Павел Усаў: Думаю, варта пачаць перад усім з таго, што сама ідэя напісання гэтай праграмы, арганізацыйныя і каардынацыйныя высілкі па яе рэалізацыі, належаць Зянону Пазняку. Без яго волі дзеяння было б немагчыма сабраць адмыслоўцаў і надаць структурны кшталт працы. Тэхнічны аспект у дадзеным выпадку быў адным з самых важных. Менавіта ён прыкладаў шмат намаганняў, каб арганізаваць сустрэчы, правесці дыскусіі дзеля абмеркавання асобных канцэпцый і элементаў праграмы. Без перабольшання – ён быў рухавіком працэсу. Што тычацца асобных раздзелаў, то кожны з адмыслоўцаў працаваў над сваім, рабіў рабочую версію, пасля чаго з ёю магла азнаёміцца ўся група, якая абмяркоўвала, уносіла карэкціроўкі, прапановы і такім чынам канструявала праграму. Трэба адзначыць, што над праграмай працавалі на працягу году.

В.К.: Не магу не пацікавіцца, Павел, чаму камандай была ўзятая назва, якая ўжо неаднаразова ўжывалася і замацавалася за стваральнікамі Народнага Рэферэндуму. Я маю на ўвазе назву «Народную Праграму» – кампанію якой ад 2011 года займаецца Рух «За Свабоду», першапачатковай асновай да яе ў свой час сталі тэзісы перадвыбарчай праграмы Аляксандра Мілінкевіча.

П.У.: Поўная назва праграмы – народная праграма «Вольная Беларусь». Мы сыходзілі з таго, што ва ўмовах існавання аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, які ў перыяд свайго кіравання краінай праводзіў антынацыянальную палітыку, беларускі народ будзе пазбаўлены магчымасці для карыстання сваймі палітычнымі і нацыянальнымі правамі.

Упэўнены, што большасць насельніцтва жадае быць вольнай ад аўтарытарнага прымусу, злоўжыванняў, несправядлівасці і палітычнай і эканамічнай эксплуатацыі з боку існуючай улады. Таксама беларускі народ жадае жыць у вольнай краіне, якая не будзе з’яўляецца геапалітычным прыдаткам Расеі. Але без адхілення Лукашэнкі і ягонага атачэння ад улады, без сістэмных палітычных і эканамічных рэформаў Беларусь ніколі не будзе вольнай краінай і не будзе належыць беларускім грамадзянам.

Той факт, што слова «народная» выкарыстоўваліся палітычнымі партыямі і арганізацыямі нічога не змяняе. Пра праекты Руху «За Свабоду», Народнага Рэферэндуму акрамя спецыялістаў мала хто ведаў і, тым больш, мала хто памятае. Звычайныя грамадзяне не намагаюцца нешта ідэнтыфікаваць, ці прыгадаць «лідараў» і «партыі». Беларусам патрэбна ясная ідэйная альтэрнатыва існуючай сістэме – праграма дзеянняў, і мы яе прапанавалі ў сваім праекце.

В.К. Цікава, што праграма разлічана менавіта на выпадак і перыяд безуладдзя. Няўжо эксперты не разглядалі варыянт, што на змену ўсё ж нехта адразу прыйдзе – злева ці справа, з Усходу ці з Захаду са сваёй праграмай? Магчыма, іх ужо рыхтуюць. Што ў такім разе?

П.У: Можна сказаць, што ў гісторыі нічога і ўсё адбываецца праз выпадак. У свой час нават Лукашэнку разглядалі як «выпадковага прэзідэнта». Безумоўна, сцэнароў можа быць шмат, мы разглядалі толькі такі, пры якім апазіцыйныя дэмакратычныя сілы прыйдуць на змену сённяшняму кіроўнаму клану. Менавіта для новай дэмакратычнай эліты распрацаваныя асноўны палітычны інструментарый. Калі новая апазіцыя будзе ў стане распрацаваць сваю праграму – добра, але пакуль іншых сістэмных праграмаў няма.

Што тычацца альтэрнатыўных сцэнароў палітычных працэсаў – унутрынаменклатурных зменаў, расейскага ўмяшальніцтва – то зразумела, нашая праграма ў такіх умовах будзе непатрэбная, бо сістэма ўладных каардынатаў не зменіцца, а можа, нават і пагоршыцца.

Праграма разлічана на дэмакратычныя перамены, а не на ўнутрыаўтарытарныя гульні. Безумоўна, варта прааналізаваць усе магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі, пралічыць ключавых гульцоў і ключавыя ўплывы, каб выпрацаваць механізм дзеяння для беларускай дэмакратычнай супольнасці ў новых умовах, але гэта асобная іншая праца.

В.К.: Дык да каго ж тады перадусім скіраваная праграма, хто яе чытачы?

П.У.: Праграма скіравана для ўсіх грамадзянаў Беларусі, яна разлічана на беларусаў.

В.К.: За якія раздзелы адказвалі менавіта Вы? Што бралі за аснову пры працы?

П.У.: Я займаўся працай над палітычным блокам праграмы, які ўключаў у сабе аналіз звязаны з пераходным перыядам, фармаваннем асноўных дзяржаўных інстытутаў і дадатковых антыкрызісных механізмаў, такіх, напрыклад, як «Антыкрызісная рада», а таксама праблематыкай мясцовага самакіравання. За аснову браўся практычны досвед, часта негатыўны, былых савецкіх рэспублік, менавіта дзеля таго, каб распрацаваць такія механізмы функцыянавання палітычнай сістэмы ў пераходны перыяд, якія б дазволілі пазбегчы глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і не дазволілі спыніць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі. Палітычны досвед некаторых постсавецкіх краінаў – Кіргізія, Украіна, Малдова – паказвае, што слабасць дэмакратычных інстытутаў і адсутнасць палітычнай адказнасці кіроўных элітаў могуць прывесці да драматычных падзеяў, асабліва пасля змены аўтарытарных лідараў. Канешне, праграма і тое, што яна прапануе, не будзе панацэяй ад «кепскіх» палітыкаў у будучыні, але, прынамсі, дасць магчымасці абмежаваць уплывы такіх асобаў на лёс краіны.

В.К.: Які раздзелы Вам падаюцца найбольш важнымі і чаму? На што варта звяртаць увагу перадусім?

П.У.: Не важных раздзелаў у праграме няма, бо навошта тады было такія раздзелы ўключаць. Важнасць праграмы ў тым, што яна сістэмная, то бок прапануе кірункі зменаў ва ўсіх ключавых сегментах беларускай дзяржавы і грамадства. Без палітычных пераменаў немагчыма будзе рэалізаваць сацыяльна-эканамічныя рэформы, але без паспяховых сацыяльна-эканамічных рэформаў немагчыма будзе замацаваць устойлівае развіццё дэмакратычнай сістэмы.

Дзяржава, як і чалавек, можа добра функцыянаваць толькі тады, калі ў яго здаровыя ўсе часткі цела – усе элементы сістэмы. Сённяшняя беларуская дзяржава – вельмі хворы чалавек, яна здольная функцыянаваць толькі ў гіпсе і баракамеры, таму перад наступным пакаленнем беларускіх палітыкаў стаіць задача не толькі выратаваць дзяржаву ад смерці, але стварыць жыццяздольны арганізм.

Праграма прапануе комплекс палітычных і сацыяльна-эканамічных працэдур для рэалізацыі дадзенай задачы.

В.К.: Ці добра я зразумела з раздзелу «Мова», натуральна, падрыхтаваным З.Пазняком, што будзе ўведзеная беларуская як адзіная дзяржаўная? Ці няма перасцярогі, што з празмернага акцэнтавання акурат на мове, а не на эканоміцы, адбудзецца тое самае, як у 1990-я ў адраджэнцаў, калі ўлада ластаўкай з рук выпырхнула?

П.У.: Давайце пачнем з таго, што вайна ва Украіне пачалася не па прычыне моўнага пытання, а таму, што гэта было ў інтарэсах Расеі. Яна пачалася таму, што ўкраінскае грамадства пазбавілася ад аўтарытарнага, крымінальнага і карумпаванага рэжыму Януковіча, які пажадаў уцягнуць Украіну ў расейскі інтэграцыйны праект, яна пачалася таму, што ўкраінцы захацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Пагроза ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі з боку Расеі ўзнікне адразу, як толькі ў краіне пачнуцца дэмакратычныя перамены. Азначае гэта, што мы павінны адмовіцца ад дэмакратыі? Таму, я не думаю, што пытанне мовы будзе такім прынцыповым, калі мы кажам пра супрацьстаянне з Расеяй. А што датычыць беларускага грамадства, то дэмакратычная дзяржава будуецца на грамадскім кансэнсусе, узаемнай павазе да свабоды і правоў, таму я ўпэўнены, што ў працэсе рэалізацыі палітыкі адраджэння беларускай мовы будзе знойдзены кампраміс.

Упэўненасць людзей у тым, што як толькі да ўлады прыйдзе апазіцыя, то яна будзе займацца толькі мовай – вынік мэтанакіраванай маніпуляцыі і міфалагізацыі свядомасці грамадства, таксама і праз скажэнне гісторыі. Зразумела, што нацыянальная палітыка, захаванне нашай культурнай і гістарычнай спадчыны – гэта адзін з ключавых напрамкаў дзейнасці новай улады, але ніхто не збіраецца замяшчаць ёю сацыяльна-эканамічныя рэформы і сістэмную трансфармацыю.

Відэасюжэт «Белсату» пра Народную праграму «Вольная Беларусь»

В.К.: Ці здольная гэтая праграма аб’яднаць апазіцыю, на Вашу думку? Ці зможа стаць, скажам, супольнай праграмай для ўсёй апазіцыі?

П.У.: Аб’ядноўваць партыйную апазіцыю, якія цяпер існуе, хіба, няма ніякага сэнсу. Для аб’яднання патрэбна не праграма, а палітычная воля і палітычная адказнасць. А гэтага няма і наўрад ці будзе. Партыі і рухі гуляюць у свае дробныя гульні – і ім гэтага дастаткова. Праграма не разлічана на «старую» апазіцыю, але, быць можа, стане штуршком для нараджэння новай.

В.К.: Што ў ёй іначай – у адрозненні ад усяго прапанавана раней? У чым адметнасць? Якая інавацыйнасць?

П.У.: Праграма не з’яўляецца маніфестам нейкага вузкага палітычнага кола, не служыць аднаўленню іміджу нейкай партыі альбо руху. Праграма стваралася як сістэмная, пакрокавая інструкцыя дзеяння для тых, хто можа прыйсці на змену існуючай уладзе. Тыя праграмы, пра якія вы ўзгадвалі раней, маюць хутчэй фармат дэкларацыяў, агульных фармулёвак, якія выкарыстоўваюцца ў выбарчых кампаніях. Праграма «Вольная Беларусь» – гэта праграма канкрэтных дзеянняў, накіраваных на пабудавання дэмакратычнай сістэмы.

В.К.: «Праграма адлюстроўвае тыя крокі, якія неабходна рабіць у пераходны перыяд пасля змены рэжыму». Але ж штука ў тым, што цяпер трэба акурат праграма, а нават хутчэй план, каб рэжым змяняць… Бо сваю праграму будуць уводзіць тыя, хто рэжым зменіць.

П.У.: Маеце рацыю.

Я не выключаю, што праграма можа стаць першым крокам на шляху падрыхтоўкі плану па рэалізацыі палітычных зменаў у краіне. Якім ён будзе, сказаць цяпер вельмі цяжка, але апошнія падзеі ў Беларусі паказалі, што грамадства патрабуе пераменаў, яно гатовае на гэтыя перамены, але безумоўна пакуль не мае дастатковай унутранай салідарнасці дзеля рэалізацыі сваіх намераў.

Але паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу, раздражнёнасць уладай будуць ствараць умовы для росту незадаволенасці, што ў будучым можа стаць штуршком для палітычных зменаў – і трэба быць гатовым да гэтых зменаў.

Зянон Пазняк

В.К.: У сваім нядаўнім інтэрвю ў праграме «Прасвет» на «Белсаце» Зянон Станіслававіч выказаў цікавую тэзу пра тое, што Беларусі не варта цяпер імкнуцца ў Еўрапейскі Звяз, бо сітуацыя там хісткая, а ніколі не варта ўступаць у нестабільныя структуры… То праграма схіляецца ўсё ж да бачання ў Беларусі свайго шляху, але не палітыкі ў кірунку Захаду?

П.У.: Па-першае, перспектыва ўваходжання Беларусі ў ЕЗ вельмі і вельмі далёкая. Гэта недзе 10-15 год пасля фармавання стабільнай дэмакратычнай сістэмы ў краіне. Што станецца з ЕЗ праз такі перыяд часу ніхто сказаць не можа. Напэўна, гэта будзе ўжо іншы ЕЗ, чым мы яго ведаем цяпер. Таму над пытаннем адносна ўступлення, ці не ўступлення ў ЕЗ трэба задумвацца тады, калі гэтая перспектыва з’явіцца. Па-другое, Брусель нават цяпер не разглядае такой магчымасці, як уступлення Беларусі ў Звяз. Разам з гэтым няма ніякіх сумневаў, што палітычныя і эканамічныя структуры заходняй цывілізацыі будуць з’яўляцца важным саюзнікам і ў працэсе пабудавання дэмакратычнай Беларусі.

Валярына Кустава, belsat.eu, novychas.by

Стужка навінаў