Урмас Паэт: Беларусам важна бачыць, як мы жывем у Эстоніі


Гэтаму эстонскаму палітыку добра вядомыя беларускія справы. Урмас Паэт шмат гадоў быў міністрам замежных справаў Эстоніі. На гэтай пасадзе ён падтрымліваў грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыі ў Беларусі. Цяпер Урмас Паэт – адзін з пераможцаў парламенцкіх выбараў у Эстоніі. Інтэрв’ю Вольгі Жарнасек наўпрост з Талліну.

Спадар Урмас, параза Цэнтрысцкай партыі і перамога Партыі Рэформаў шмат для каго сталі сюрпрызам. На ваш погляд, што адыграла ключавую ролю ў перамозе?

Сапраўды, гэта станоўчы сюрпрыз. Але нават мы не чакалі, што падтрыманне будзе настолькі моцным. Я думаю, тут некалькі прычынаў. Па-першае, шмат хто ў Эстоніі быў незадаволены тымі крокамі, якія ўрад Цэнтрысцкай партыі ажыццяўляў у галіне падаткаў цягам апошніх двух з паловаю гадоў (пераход да больш прагрэсіўнай стаўкі адпрыбытковага падатку. – Заўв. belsat.eu).

Другое пытанне – гэта пытанне каштоўнасцяў, паколькі ў нас у Эстоніі з’явілася партыя (Кансерватыўная народная партыя. – Заўв. belsat.eu), якая хоча вельмі нядобрых зменаў. Напрыклад, каб была мяжа паміж Эстоніяй ды іншымі краінамі Еўразвязу. Яны таксама хочуць правесці рэферэндум наконт таго, ці будзе Эстонія працягваць сваё сяброўства ў Еўразвязе.

Але большасць людзей у Эстоніі ўсё ж жадаюць, каб Эстонія надалей заставалася адкрытай – так, як апошнія 27–28 гадоў, а таксама каб Еўразвяз працягваў развівацца і быў моцны ў будучыні. Гэта пытанні, звязаныя з каштоўнасцямі: адкрытасць ці закрытасць?

Трэці момант – гэта роля эстонскай мовы. Напрыклад, у эстонскіх школах. Важна нарэшце пачаць рэальны працэс, каб усе маладыя людзі, якія скончаць школу ў Эстоніі, цалкам валодалі б моваю. Толькі тады яны маюць тыя ж магчымасці на працоўным рынку, ва ўніверсітэтах і гэтак далей.

Тым не менш упершыню з пачатку 90-х адносна мала вялося аб праблемах расейскамоўнага насельніцтва ў Эстоніі. У чым прычына змены тэндэнцыі?

Тут вельмі станоўчую ролю адыграў час. Усё менш можна казаць пра тое, што ў эстонскім грамадстве існуе нейкая розніца «эстонцы – расейцы».

Важна тое, што галоўныя інтарэсы эстонцаў, расейцаў ды іншых супадаюць. Людзі проста хочуць жыць лепш, хочуць мець нармальныя магчымасці ў жыцці – эканамічныя, сацыяльныя, на працоўным рынку.

Так што, калі мы паглядзім на моладзь, маладых расейцаў, то пераважна яны ўжо размаўляюць на добрай эстонскай мове і, вядома, на ангельскай і расейскай. Таму яны таксама вельмі дакладна арыентаваныя на Захад, на дэмакратычны Захад, а не, напрыклад, на цяперашнюю Расею.

Калі казаць пра вонкавую палітыку, як Партыя Рэформаў бачыць гэты кірунак?

Вонкавая палітыка ў самых важных прынцыпах будзе працягвацца без зменаў. Гэта азначае, што нашая натуральная прастора – гэта сяброўства ў Еўразвязе і NATO. Вядома, мы хочам, каб нашая вонкавая палітыка ішла ў гэты бок, каб супраца ўнутры гэтых арганізацыяў была ўсё больш моцнай, нягледзячы на турбуленцыі, якія мы бачым у некаторых краінах Еўропы.

Hавiны
«Тэрыторыя праўды». Чаму СССР прайграў NATO?
2019.03.07 06:03

Спадар Урмас, калі вы былі міністрам замежных справаў Эстоніі, то моцна падтрымлівалі грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Як вы зараз ацэньваеце нашую сітуацыю?

Я незадаволены, бо ў Беларусі да гэтай пары няма свабоднай грамадзянскай супольнасці. Калі мы паглядзім на мапу, то геаграфічна Беларусь займае цэнтральнае месца ў Еўропе. Таму я ўсё ж спадзяюся, што прыйдзе дзень, калі мы зможам казаць пра тое, што ў Беларусі пачаліся рэальныя рэформы, што Беларусь – прававая дзяржава, дэмакратычная дзяржава з вольным рынкам і гэтак далей. Што гэта нармальная еўрапейская краіна, дзе ўсе грамадзяне Беларусі маюць тыя ж магчымасці, як большасць еўрапейцаў у іншых краінах Еўропы. Пакуль гэтага няма, я ніяк не магу быць задаволены.

Ці будзе вашая партыя неяк развіваць дачыненні з Беларуссю ў будучыні?

У практычным плане – так. Бо нават калі там пакуль няма выразнага працэсу рэформаў, то ўсе гэтыя кантакты на ўзроўні грамадзянскай супольнасці: культура, спорт, турызм, эканамічныя кантакты, бізнес – я думаю, гэта вельмі важна. Гэты досвед для Беларусі, для людзей, вельмі важны, бо яны бачаць, як мы жывем у Эстоніі. Я думаю, гэта таксама дапамагае і дае матывацыю для зменаў у Беларусі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою ад 08.03.2019

Глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25 міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

 

Стужка навінаў