Урад забараніў вывозіць з краіны грэчку

Улады вырашылі часова забараніць экспарт з Беларусі некаторых прадуктаў. Гэта прадугледжана пастановай Саўміну № 185 ад 31 сакавіка.

Сярод тавараў, якія часова забаронена вывозіць, – грэчка, грачаныя крупы, лук-сеянка, рэпчаты лук, часнык.

«Устанавіць часовую забарону на вываз за межы Рэспублікі Беларусь тавараў па пераліку згодна з дадаткам незалежна ад краіны іхнага паходжання, у тым ліку пры змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыі і рээкспарту» , – гаворыцца ў пастанове.

Забарона распаўсюджваецца таксама на тавары, якія ўжо былі змешчаны пад мытныя працэдуры да ўступлення ў сілу пастановы. Пры гэтым пастанова не распаўсюджваецца на вываз тавараў для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі замежным дзяржавам па рашэнні ўраду.

Асноўныя палажэнні пастановы працягнуць дзейнічаць тры месяцы з даты апублікавання.

31 сакавіка краіны ЕАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь, дамовіліся ўсталяваць часовую забарону на вываз з тэрыторыі саюза асобных відаў харчовых тавараў.

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны