Урад Вялікай Брытаніі падтрымае «Белсат» у барацьбе з прапагандаю Крамля


Канцылярыя брытанскай прэм’еркі перад пачаткам візіту Тэрысы Мэй у Варшаву паведаміла пра дафінансаванне польска-брытанскіх праектаў, скіраваных на барацьбу з расейскай дэзынфармацыяй. На гэта прызначаць 5 млн фунтаў. Адным з праектаў, якія пры гэтым згадваліся, зʼяўляецца «Белсат».

У заяве падкрэсліваецца, што перададзеныя сродкі мусяць быць прызначаныя на польска-брытанскія праекты з абшару стратэгічнай камунікацыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Гэта мае дазволіць хутчэй выкрываць дэзынфармацыйныя аперацыі. Падобныя выдаткі панясе таксама і польскі бок.

Брытанскі ўрад абяцае падтрыманне «Белсату», які фінансуе Польскае тэлебачанне.

Сёння Тэрыса Мэй разам з міністрамі абароны, МЗС, МУС і гаспадаркі наведвае з візітам Варшаву.

Супраца «Белсату» і Бі-Бі-Сі

«На постсавецкай прасторы толькі некалькі тэлекампаніяў маюць гонар супрацоўнічаць з Бі-Бі-Сі. Ва Украіне сотні тэлеканалаў, а супрацоўнічаюць толькі два. У Беларусі – адзін. І гэта «Белсат», – распавёў у праграме «Гарачы каментар» кіраўнік інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі, анансуючы трансляцыю дэтэктыўнага серыялу Бі-Бі-Сі «Незабытыя».

Акрамя таго, на «Белсаце» з дапамогаю калегаў з Бі-Бі-Сі здымаецца кулінарнае шоў «Я не буду это есть!».

«З Бі-Бі-Сі мы распачалі супрацу ад новага сезону і атрымліваем ад калегаў шэраг праграмаў. Налета пачнем таксама супрацу ў галіне інфармацыі. Бі-Бі-Сі будзе прадстаўляць нам матэрыялы для рускамоўнай праграмы «Вот так!», якая адрасаваная не толькі беларусам, але і іншым расейскамоўным жыхарам былога СССР», – дадаў Аляксей Дзікавіцкі.

ЯБ/ МЛ belsat.eu

 

Стужка навінаў