Урад спадзяецца завершыць узгадненне дарожнай мапы рэформаў з Сусветным банкам ужо ў верасні


Першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын падчас сустрэчы з Сату Кэхканен, рэгіянальным дырэктарам Сусветнага банку па Беларусі, Украіне і Малдове абмеркавалі пытанні, якія тычацца завяршэння працы над дакументам «Дарожная мапа павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Беларусь», паведамляе прэсавая служба Саўміну.

«На мой погляд, па нашай дарожнай мапе павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі засталося не гэтак шмат рознагалоссяў. Прапаную пачынаць працаваць па кожнай старонцы дарожнай мапы, і калі агульныя фармулёўкі і рашэнні зразумелыя, каб усё было ўзгоднена. Ёсць прапанова, каб у верасні бягучага году мы гэтую працу завяршылі», – адзначыў падчас сустрэчы Аляксандр Турчын.

Напярэдадні бакі завяршылі чарговае абмеркаванне некаторых аспектаў дарожнай мапы.

Сату Кахканен у сваю чаргу адзначыла, што радая магчымасці правесці сустрэчу і абмеркаваць ва ўрадзе падрыхтоўку дакументу. Паводле яе ацэнкі, засталося не так шмат пытанняў, якія б выклікалі рознагалоссі паміж бакамі, але гэта важныя моманты, іх трэба абмеркаваць.

Па выніках перамоваў бакі пацвердзілі, што дарожную мапу плануецца ўзгадніць у верасні, а падрыхтоўка да падпісання будзе завершана да канца бягучага году.

У пачатку бягучага году Сусветны банк прагназаваў рост ВУП Беларусі не больш за 2,7 %. Пазней была агучана лічба каля 1,8 %.

Сусветны банк настойвае на неабходнасці рэструктурызацыі неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры гэтым эксперты ўстановы раяць фінансава падтрымаць беспрацоўных і маламаёмасных грамадзянаў.

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка пакуль адрынае неабоднасць рэформаў у эканоміцы.

Hавiны
Сусветны банк: у Беларусі фінансавая рэцэсія. Міністр эканомікі думае інакш
2018.11.13 14:26

СК belsat.eu

Стужка навінаў