Урад Расеі выплаціць € 300 тыс. нацболам, якія захапілі адміністрацыю Пуціна


Нацболы ў прыёмнай адміністрацыі прэзідэнта РФ, 2004

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) прысудзіў кампенсацыі 24 чальцам забароненай у Расеі Нацыянал-бальшавісцкай партыі, якія ў 2004 годзе ўдзельнічалі ў захопе адміністрацыі прэзідэнта РФ.

У рашэнні на сайце ЕСПЧ адзначаецца, што ў адносінах да заяўнікаў былі парушаныя права на свабоду слова, свабоду сходаў і на справядлівае судовае разбіральніцтва. Кожнаму з заяўнікаў прызначылі кампенсацыю ў 12,5 тыс. еўраў, агульная сума складае 300 тыс. еўраў.

Інцыдэнт з захопам адміністрацыі кіраўніка Расеі адбыўся ў снежні 2004 году. Тады група з 39 нацболаў забарыкадавалася ў адным з кабінетаў прыёмнай адміністрацыі, раскідаўшы каля будынку ўлёткі з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Расеі і вывесіўшы ў вакне багер «Пуцін, сыдзі сам!». Праз паўтары гадзіны ўсіх іх затрымалі.

Спачатку ўдзельнікаў акцыі вінавацілі ў спробе гвалтоўнага захопу ўлады, псаванні дзяржаўнай маёмасці і вандалізме, але пасля абвінавачанне змянілі на ўдзел у масавых беспарадках.

У снежні 2005 году Цвярскі суд Масквы прысудзіў 39 актывістаў Нацыянал-бальшавісцкай партыі да ўмоўных тэрмінаў ад 1,5 да 3,5 гадоў, восем асобаў атрымалі рэальныя тэрміны. 24 з 39 актывістаў са скаргай звярнуліся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

НМ, belsat.eu, паводле Meduza, фотаздымак openrussia.org

Глядзі таксама
Каментары