Урад Літвы: Надпісы на магілах паўстанцаў 1863 года будуць і па-беларуску


Урад Літвы адказаў на зварот больш як 500 дзеячаў грамадства і культуры Беларусі з гэтай нагоды. Адказ прыйшоў галоўнаму рэдактару часопісу «Наша гісторыя» Андрэю Дынько, каардынатару збору подпісаў пад зваротам беларускай грамадскасці, паведамляе «Наша ніва».

«Дзякуем Вам за цікавасць і клопат пра лёс парэшткаў кіраўнікоў і ўдзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў, знойдзеных у Віленскім замку на гары Гедыміна. Кіраўнікоў і ўдзельнікаў Паўстання сумленна і годна перапахаваюць у цэнтральнай капліцы могілак Росы ў Вільні. Урачыстую цырымонію плануецца арганізаваць у 2019 годзе», – паведамляецца ў адказе першага намесніка канцлера ўрада Літвы Дэйвідаса Матулёніса.

Цяпер віленскія архітэктары распрацоўваюць канцэпцыі дызайну капліцы.

«Імёны кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання, як мяркуецца, будуць запісаны на літоўскай, польскай і беларускай мовах», – гаворыцца ў лісце літоўскага чыноўніка.

На гары Гедыміна знайшлі парэшткі 20-ці з 21-го пакараных паўстанцаў. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікаваныя з пэўнасцю на 95 %.

Паўстанне 1863–64 гадоў мела нацыянальна-вызвольны і сацыяльны характар. Кіраўнік паўстання ў Беларусі, харызматычны Канстанцін Каліноўскі ўпершыню ў найноўшай гісторыі стаў выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй рэвалюцыйнай агітацыі. Калі ўдзельнікі ранейшых паўстанняў змагаліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай у старым яе разуменні, Каліноўскі падышоў да фармулявання беларускіх нацыянальных інтарэсаў і задач. Паролем паўстанцам былі словы: «Каго любіш?» – «Люблю Беларусь!» – «То ўзаемна!»

СК belsat.eu

Стужка навінаў