Урад адмаўляецца ад паперы. Першая электронная пастанова Савету Міністраў выйшла па-беларуску


10 траўня Савет Міністраў упершыню прыняў пастанову і шэраг распараджэнняў у электронным выглядзе, падае «БелТА».

Дакументы прынялі з дапамогай сістэмы «FlexEDoc», распрацаванай апаратам Савету Міністраў.

Пастанова «Аб змяненні складу калегіі Дзяржаўнага камітэту па маёмасці», якую прынялі ў пятніцу, выйшла на беларускай мове.

«Савет міністраў, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, актыўна пашыраюць выкарыстанне ў паўсядзённай працы элементаў электроннага ўраду. Гэтак, прыкладна 90 % карэспандэнцыі паступае ў апарат Савету міністраў ад дзяржорганаў у выглядзе электронных дакументаў», – адзначылі ва ўрадзе.

Да канца году дзяржаўныя органы кіравання плануюць цалкам адмовіцца ад паперы ў службовай перапісцы.

У леташнім рэйтынгу ААН па ўзроўні электроннага ўраду Беларусь заняла 38-е месца сярод 193 краінаў, абагнаўшы, напрыклад, Літву.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў