Урачыстасці з нагоды 92-га дня народзінаў Быкава прайшлі ў Бычках


Больш за дзве сотні гасцей сабраліся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну, тут прайшлі ўрачыстасці з нагоды 92-га дня народзінаў народнага пісьменніка Васіля Быкава.

Удзел у святкаванні народзінаў Быкава бралі палітыкі Аляксандр Мілінкевіч і Мікалай Статкевіч, амбасадар Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт, пісьменнікі Уладзімір Някляеў і Уладзімір Арлоў, арганізатарка і натхняльніца мастацкіх пленэраў Ада Райчонак, дырэктар Беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук ды шмат іншых – мастакоў, пісьменнікаў, журналістаў, музыкаў – тых, хто любіць Васіля Быкава і ягоныя творы.

Падчас імпрэзы ўручылі чарговую прэмію «За свабоду думкі», заснаваную ў 2008-ым. Трынаццатым лаўрэатам стаў беларускі рэжысёр, стваральнік тэатру «Вольная сцэна», былы галоўны рэжысёр коласаўскага тэатру і адзін з ініцыятараў стварэння дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску. Цяпер Валер Мазынскі здымае фільмы, у тым ліку і для «Белсату».

ВАЛЕРЫЙ МАЗЫНСКІ, РЭЖЫСЁР, ЛАЎРЭАТ ПРЭМІІ «ЗА СВАБОДУ ДУМКІ»:

«Мы мусім у сабе выгадваць грамадзянаў, гэта вельмі цяжка бо ўсё робіцца каб манкуртызаваць маладое пакаленне… уся надзея ў маладым пакаленні, толькі на яго трэба працаваць. Пакінуць усякія згадкі што мы лаўрэаты нейкія, нам трэба памагаць маладым, маладзейшым».

Валеры Мазынскі атрымаў традыцыйныя ўзнагароды – памятны дыплом і скульптуру аўтарства Віктара Копача, далучыўшыся да тузіна ўганараваных раней. Сярод іх пісьменнікі Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўца Ада Райчонак.

АДА РАЙЧОНАК, КІРАЎНІЦА ШАРКАЎШЧЫНСКАГА ГРАМАДСКАГА ЦЭНТРУ ІМЯ ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА:

«Сёння збываецца мая мара – мае сябры мастакі дораць музею Васіля Быкава карцінную галерэю».

Мастацкая галерэя паўстане ў новым «быкаўскім цэнтры» – будынак былой школы, дзе вучыўся ў першым класе Васіль Быкаў, выкупілі віцебскія актывісты. Школу добраўпарадкуюць і плануюць зарганізаваць там грамадска-культурніцкі цэнтр.

СВЯТЛАНА БАРАНКОЎСКАЯ, СТАРШЫНЯ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ГА «БЕЛАРУСКІ САЮЗ МАСТАКОЎ»:

«На сённяшні дзень ужо сабраныя 17 працаў, ужо прывезеныя, яны будуць экспанавацца як у хаце-музеі, у былой школцы, ля якой мы знаходзімся, ва ўшацкім музеі і можа там адкрыецца галерэя».

Імпрэзу з нагоды дня народзінаў Васіля Быкава традыцыйна зладзілі віцебская арганізацыя «Таварыства беларускай мовы» і рух «За свабоду». На жаль, упершыню ўшанаванне памяці Васіля Быкава і ўручэнне прэміі ягонага імя адбывалася без сястры пісьменніка, Валянціны Быкавай, якая дасюль перабывае ў рэанімацыі Віцебскай абласной больніцы пасля нападу рабаўніка тры тыдні таму.

ІД, belsat.eu

Стужка навінаў