Урачыста, смешна, дзіўна: як Лукашэнку ў розныя гады віншавалі з днём народзінаў?


Сёлета Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 65 гадоў, 25 з якіх ён кіруе краінаю. Belsat.eu сабраў топ незвычайных, пампезных, а таксама забаўных віншаванняў, якія дасылалі яму за ўвесь гэты час.

З пачатку прэзідэнцкай кар’еры ва ўсіх крыніцах днём нараджэння Лукашэнкі называлася 30 жніўня. Але ў 2010 годзе ён заявіў, што нарадзіўся ў адзін дзень са сваім малодшым сынам Мікалаем, то бок 31 жніўня – тады дату змянілі. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2015-га ў біяграфію вярнулі першапачатковую лічбу, аднак сёння на афіцыйным сайце president.gov.by зноў фігуруе 31 жніўня. Праз такую блытаніну сусветныя лідары часам не паспявалі зарыентавацца і своечасова павіншаваць беларускага калегу – напрыклад, Пуцін летась даслаў віншаванні на дзень раней.

1. Ад Пуціна

Калі расейскі прэзідэнт знаходзіўся яшчэ на сваім першым тэрміне, то працу Лукашэнкі на пасадзе ён ужо называў «шматгадовай» і адзначаў, што той шмат зрабіў для інтэграцыі. У віншавальнай тэлеграме ў 2002 годзе Пуцін даваў абяцанні: «Вы заўжды знойдзеце разуменне і шырокую падтрымку канкрэтным крокам, накіраваным на ўмацаванне ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі». Тады Пуцін не сумняваўся: «Курс на братэрскае яднанне Расеі і Беларусі вытрымае палітычныя і гістарычныя выпрабаванні». Прыкладна тое ж самае ён публічна казаў і ў наступныя гады, але, натуральна, самыя шчырыя словы на адрас Лукашэнкі гучалі падчас перамоваў – за зачыненымі дзвярыма.

Фота: president.gov.by

2. Ад БТ

У 2017 годзе Белтэлерадыёкампанія ў эфіры «Беларусь-1» павіншавала Лукашэнку з 63-м днём народзінаў і пажадала «ад вялікай журналісцкай сямʼі» наступнага: «шчодрага ўраджаю яркіх эмоцыяў», «невычарпальнай энергіі для новых спраў» і «россыпу добрых навін». Пасля гэтага ўключыўся адмыслова змантаваны 40-секундны ролік, дзе пад узнёслую музыку Лукашэнка косіць траву, сустракаецца з міжнароднымі лідарамі і, канешне, галасуе на выбарах.

3. Ад апазіцыі

12 гадоў таму гомельскія актывісты апазіцыі зладзілі на вуліцы флэш-моб з нагоды народзінаў Лукашэнкі. Яны збіралі подпісы за тое, каб абвясціць гэты дзень дзяржаўным святам з салютам і парадам. Акрамя таго, яны раздавалі мінакам партрэты кіраўніка дзяржавы. Міліцыя тролінгу не ацаніла – і ўсіх чацвярых удзельнікаў акцыі затрымалі.

Яшчэ раней, у 2002 годзе, Малады фронт паказаў пэрфоманс: актывісты ў масках Пуціна і Лукашэнкі спачатку абдымаліся (чытай, інтэграваліся), а потым «пасварыліся». Тэатралізаванае дзейства скончылася тым, што партрэты абодвух парвалі. Дарэчы, як і выяву двухгаловага арла – гербу РФ.

Скрыншот НТВ, 2002 год

4. Ад украінскіх камуністаў

У 2014 годзе кіраўнік Камуністычнай партыі Украіны Пятро Сіманенка вырашыў павіншаваць Лукашэнку характэрна: ён нагаварыў дыфірамбаў пра ягоную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. «Як аўтарытэтнейшы і ўзважаны кіраўнік дзяржавы вы прыкладаеце максімум высілкаў дзеля працягу перамоўнага працэсу (…) і спынення бессэнсоўнага кровапраліцця і вайсковых дзеянняў на ўкраінскай зямлі». Праўда, у 2014 годзе Лукашэнка не паспеў яшчэ ўвайсці ў ролю міратворца і выказваўся (як і пазней) цалкам у фарватары Крамлю. А вось экс-нардэп Сіманенка паспеў патрапіць пад крымінальны пераслед па падазрэнні ў сепаратызме, а ў 2015 годзе суд у Кіеве забараніў дзейнасць КПУ з прычына дэкамунізацыі.

5. Ад эмігрантаў

6 гадоў таму беларускія палітэмігранты ў Нью-Ёрку сабраліся, каб адзначыць народзіны Лукашэнкі і зрабілі гэта даволі арыгінальна: разрэзаўшы вялікі торт з выяваю кіраўніка Беларусі. Псіхіятр і старшыня арганізацыі «Беларусь у выгнанні» Дзмітры Шчыгельскі пажадаў Лукашэнку здароўя. «Фізічнага і псіхічнага, але я рэаліст і разумею, што гэта нерэальна».

У далёкім 2001-м менавіта Шчыгельскі як лекар паставіў яму дыягназ – «мазаічная псіхапатыя», а неўзабаве эміграваў у ЗША. Свой тост на дзень народзінаў псіхіятр скончыў не вельмі весела для адрасата: «Хацелася б пажадаць доўгіх гадоў жыцця, каб у яго была магчымасць адседзець за ўсе тыя злачынства, якія ён здзейсніў».

КА belsat.eu

Стужка навінаў