Уплывовая ўэб-галерэя «Saatchi Art» заблакавала акаўнты беларускіх мастакоў і фатографаў


У якасці тлумачэнняў беларускія мастакі і фатографы атрымліваюць лісты з паведамленнем, што гэта санкцыі ЗША. Ці не пераблыталі амерыканцы Беларусь з Расеяй?

Усе фатографы і мастакі з Беларусі, якія прадавалі свае творы на ўэб-старонцы галерэі «Saatchi Art» ад нядаўняга часу страцілі магчымасць карыстацца паслугамі міжнароднай сеткі продажу твораў мастацтва. Усе акаўнты з Беларусі заблакаваныя. На запыты тлумачэнняў беларускіх творцаў прыходзяць лісты з паведамленнем, што «Saatchi Art» абмежаваны для продажу твораў мастацтва з вашай краіны пражывання». Такі ліст атрымала мастачка з Горадні Нэлі Лукашык.

Як тлумачыць гарадзенская мастачка, увайсці на свой профіль у ўэб-галерэі немагчыма: пішуць, што няма доступу, акаўнт закрыты.

«Я спачатку не зразумела, што адбылося. Якія санкцыі? Я патраціла шмат часу на тое, каб зрабіць сваю старонку. Яна мне падабалася. А зараз трэба ўсё нанова пачынаць. Гэта была выдатная магчымасць быць бачнымі па-за межамі нашай краіны. Мастак не можа працаваць у стол. У сусвеце мастацтва – гэта вельмі значны праект. Крыўдна, канешне, але я думаю тут нейкая памылка. Проста ў часе рэгістрацыі там патрэбна было вельмі шмат дадзеных, пашпартныя ў тым ліку. Там сур’ёзная аўтарызацыя. Таму я думаю, што яны проста націснулі на кнопку і адначасова ўсіх аўтаматам заблакавалі», – кажа спадарыня Нэлі.

«Будзем звяртацца ў МЗС»

Старшыня Саюзу фатографаў у Беларусі Сяргей Міхаленка атрымаў падобны ліст з тлумачэннем, што Скарбніца Дэпартаменту ЗША, а таксама банк, які абслугоўвае Saatchi Art рэкамендуе не супрацоўнічаць з беларускімі творцамі.

«Нам вельмі шкада, але Беларусь была ўключана ў новае эмбарга. Калі ласка, праглядзіце гэтую старонку з Скарбніцы ЗША для атрымання дадатковай інфармацыі», – напісалі Сяргею Міхаленка.

У дакуменце па спасылцы паведамляецца, што Беларусь знаходзіцца на другім месцы краін-ізгояў.

«Усім маім знаёмым фатографам, якія выстаўлялі свае працы прыйшоў падобны ліст. Я пакуль што не магу патлумачыць такое рашэнне. Гэта больш падобна да нейкага глупства лакальных менеджараў. З таго, што я ведаю, акрамя асобных палітычных дзеячаў, нейкіх глабальных санкцый у дачыненні да Беларусі няма. І ўвогуле, пры чым тут звычайныя грамадзяне і прыватныя асобы? Гэта проста лухта нейкая. Разам з калегамі мы будзем звяртацца ў Міністэрства замежных спраў, пытацца, ці можна неяк паўплываць на сітуацыю», – кажа Сяргей Міхаленка.

Уэб-галерэю «Saatchi Art» заснаваў сусветна вядомы калекцыянер твораў мастацтва Чарлз Саатчы. На сённяшні дзень гэта адна з самых уплывовых сусветных ўэб-галерэяў, дзе свае працы выстаўляюць на продаж сотні тысяч мастакоў з розных краін.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў