Упершыню за 30 гадоў у Менску не будзе «Чарнобыльскага шляху»


Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» адклікаў з Менгарвыканкаму сваю заяўку на правядзенне акцыі.

Сёлета ўпершыню з 1989 года традыцыйнае шэсце ў Менску не адбудзецца. 25 красавіка аргкамітэт паведаміў журналістам, што адклікаў заяўку праз патрабаванне гарадскіх уладаў аплаціць паслугі міліцыі – 5 737, 5 рублёў.

«Мы ў пісьмовай форме перадалі ў Менгарвыканкам нашую адмову. Справа не ў грошах – гэта прынцыповая палітычная пазіцыя. Калі не адмовіцца цяпер – такая практыка будзе працягвацца і надалей, як было з Днём Волі», – сказала belsat.eu сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Акрамя аплаты міліцыі, з заяўнікаў збіраліся спагнаць яшчэ 215 рублёў за паслугі камунальнікаў і 240 – за «хуткую».

Чальцы аргкамітэту адзначаюць, што будуць патрабаваць зменаў у закон аб масавых мерапрыемствах, які прадугледжвае падобныя грашовыя спагнанні. Адпаведны зварот актывісты накіравалі ў Савет міністраў і Міністэрства юстыцыі.

Арганізатары: Улады радыкалізуюць пратэст

У афіцыйнай заяве аргкамітэту Чарнобыльскага шляху гаворыцца, што ўлады адмовіліся задаволіць прапановы арганізатараў пра ахову парадку ўласнымі сіламі. Арганізатары адзначылі, што катэгарычна не прымаюць спагнанне платы за правядзенне масавых пратэставых мерапрыемстваў. Яны падкрэсліваюць, што гэтыя паслугі, ужо аплачаныя імі як падаткаплатнікамі, а права на выказванне меркавання гарантаванае Канстытуцыяй.

Патрабаванне аплаты ў аргкамітэце лічаць «рычагамі дзяржаўнага ціску на пратэставыя масавыя мерапрыемствы, што такім чынам робіць немагчымым і незаконным любы пратэст, любую публічную актыўнасць грамадзян», у той час, як ад аплаты вызваляюцца мерапрыемствы, арганізаваныяь дзяржаўнымі структурамі.

«Чарнобыльскі шлях як выключна мірнае шэсце не мае патрэбы ў ахове міліцыі. Насупраць, часта міліцыя ў Беларусі прадстаўляе пагрозу для яго ўдзельнікаў», – гаворыцца ў заяве.

«Мы лічым, што сваімі дзеяннямі ўлады радыкалізуюць пратэставую актыўнасць грамадзян. Мы заяўляем, што Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху-2019 арганізоўваў дазволеную вулічную акцыю, віну за адмену якой мы ўскладаем на ўлады. Мы не нясем адказнасці перад уладамі за любыя іншыя дзеянні грамадзян па выражэнні свайго меркавання», – кажуць арганізатары.

Нягледзячы на адмову ад акцыі, аргкамітэт анансаваў шэраг іншых мерапрыемстваў да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. У прыватнасці, запланаваны экалагічны Чарнобыльскі тыдзень, ускладанне 26 красавіка кветак да Чарнобыльскай капліцы ды іншае.

КА belsat.eu

Стужка навінаў