Упершыню ў гісторыі Папа Рымскі спаткаецца з Маскоўскім патрыярхам


Ватыкан абвясціў пра тое, што Папа Рымскі Францішак і патрыярх Кірыл правядуць сустрэчу на Кубе.

Спатканне адбудзецца на наступным тыдні. У Расейскай Праваслаўнай Царкве таксама пацвердзілі гэтыя паведамленні.

Кіраўнік Каталіцкага Касцёлу і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыла маюць падпісаць сумесную дэкларацыю аб узаемадзеянні Цэркваў, паведамілі ў Ватыкане.

Гэта першая за ўсю гісторыю сустрэча пантыфіка і кіраўніка Расейскай Праваслаўнай Царквы.

Старшыня Аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў на брыфінгу ў Маскве, што сустрэча адбудзецца ў Гаване ў аэрапорце імя Хасэ Марці 12 лютага.

«Тэма ганенняў на хрысціянаў стане на гэтай сустрэчы цэнтральнай», – паведаміў мітрапаліт.

Патрыярх Кірыла будзе з візітам у краінах Лацінскай Амерыкі з 11 па 22 лютага.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў