Упершыню ў гісторыі беларускага футболу на поле выйдзе брамнік-мадэль


Жэрэмі Малерб – найлепшы брамнік другой бельгійскай лігі. Цяпер ён будзе бараніць колеры берасцейскага «Дынама».

Яшчэ год таму ўдзел берасцейскага «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі быў пад пытаннем. Клуб ледзьве зводзіў канцы з канцамі і спрабаваў прадаць усё, што толькі можна было прадаць: ад клубнага офісу да гаражнай брамы на клубнай базе. Усё змянілася мінулым летам, калі ў Берасце прыйшлі інвестары з кампаніі «Sohra Overseas» з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў.

Сёння берасцейскае «Дынама» – самы прыкметны гулец на трансферным рынку краіны. Чарговым крокам беларускага клубу стала падпісанне двухгадовага кантракту з французскім галкіперам Жэрэмі Малербам.

Жэрэмі Малерб – другі француз у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі па футболе (у 2008 – 2011 гадах за менскае «Дынама» выступаў абаронца Арэльён Мантаруп), але ўпершыню ў нашу краіну прыехаў гулец, які працуе яшчэ і фотамадэллю.

Малербу 25 гадоў, ён выхаванец футбольнай школы Нансі, і да мінулага сезона не мог гучна заявіць пра сябе, пакуль не перайшоў у клуб другога бельгійскага дывізіёна «Руселере». Тут галкіпер правёў усё 32 матчы і быў прызнаны найлепшым брамнікам другой бельгійскай лігі. Кошт Жэрэмі вырас з 50 тысяч да 250 тысяч еўраў.

Змяніўшы галоўнага трэнера – Уладзімір Журавель замест Сяргея Кавальчука берасцейскае «Дынама» правяло вельмі актыўную кампанію па пошуку новых гульцоў. Акрамя французскага галкіпера берасцейцы заключылі кантракты з 22-гадовым нігерыйскім паўабаронцам Чыді Асучукву, 21-гадовы Дзмітрыем Барысавым, 24-гадовым Дзмітрыем Алісейка, 25-гадовым Андрэем Лебедзевым, 17-гадовым паўабаронцам Салівам Бабаво, 23-гадовы Дзмітрыем Федорцавым, 20-гадовы Уладзіславам Хвінам і 24-гадовым Аляксеем Легчыліным.

У «Дынама» Малерб стаў восьмым легіянерам. Трое футбалістаў прадстаўляюць Гану: Джоэль Фамейе, Дыксан Афоаква, Салів Бабаво. Асучукву – з Нігерыі. Таксама колеры берасцейскага клубу абараняе прадстаўнік Код дʼІвуара Ідрыс Куяте, Андрыян Аврамія (Румынія), Леандра Торэс (Аргентына).

Берасцейскаму «Дынама» ўдалося захаваць месца вышэйшай лігі, і сёлета ў Берасці плануюць пазмагацца за чэмпіёнскі тытул.

АС, belsat.eu

Фота modelmanagement.com

Стужка навінаў