Упершыню палова насельніцтва Зямлі атрымала магчымасць карыстацца інтэрнэтам


Большасць жыхароў Зямлі, упершыню ў гісторыі чалавецтва, атрымала доступ да інтэрнэту. Паводле справаздачы адмысловай камісіі ААН, ужо напрыканцы бягучага году рознымі онлайн-паслугамі будуць карыстацца больш за 3,9 мільярда чалавек, або 51,2% насельніцтва планеты.

Згодна з падлікамі Міжнароднага саюза электрасувязі (ITU), у развітых краінах доступ да інтэрнэту ўжо сёлета атрымаюць больш за 80 % жыхароў, у Афрыцы – 24,4 %.

«Гэта важны крок на шляху да больш шырокага, глабальнага інфармацыйнага грамадства. Аднак вельмі шмат людзей па ўсім свеце ўсё яшчэ чакаюць магчымасці выкарыстоўваць перавагі лічбавай эканомікі. Мы павінны заахвочваць павелічэнне інвестыцыяў з боку дзяржаў і прыватнага сектара, а таксама падтрымліваць развіццё тэхналогій і інавацыі, каб лічбавая рэвалюцыя нікога не пакінула офлайн», – адзначыў генеральны сакратар ITU Хоў Лінь Чжаў.

Згодна са справаздачай ITU, за апошнія 13 гадоў доля жыхароў, якія маюць доступ да сеціва, больш за ўсё вырасла ў краінах Афрыкі, дзе яна павялічылася больш чым у дзесяць разоў – з 2,1 % у 2005 годзе да 24,4 % сёлета. Тым не менш менавіта ў Афрыцы распаўсюджванне інтэрнэту пакуль знаходзіцца на самым нізкім узроўні – нават у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне з яго вялізным насельніцтвам доступ да інтэрнэту маюць ужо 47% жыхароў.

У развітых краінах свету доля жыхароў, якія карыстаюцца інтэрнэтам, вырасла да 80,9 % (у 2005 годзе было 51,3 %), у краінах якія развіваюцца – да 45,3 % (было 7,7 %). У краінах СНД сярэдні ўзровень пранікнення інтэрнэту дасягнуў адзнакі 71,3 %, у краінах Еўропы – 79,6 %.

У справаздачы ITU адзначаецца, што 96% насельніцтва Зямлі цяпер жыве ў межах зоны пакрыцця мабільнай сотавай сувязі, а колькасць працоўных сім-картак ужо перавысіла колькасць насельніцтва планеты. У той жа час колькасць карыстальнікаў стацыянарных тэлефонаў працягвае зніжацца: у 2018 годзе, паводле прагнозу ITU, іх стане менш на 12,4 % (застанецца ўсяго 942 млн).

Лічбавая эканоміка ці лічбавая дыктатура Лукашэнкі?

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Глядзі таксама
Каментары