Унікальны маёнтак Бракаў, які хочуць выкупіць палякі, збіраюцца зруйнаваць


Маёнтак Бракаў, пабудаваны пад Горадняю шляхецкаю сямʼёй Гажкоўскіх, адзіны такі на ўсю Беларусь. Будынак цікавы і гісторыкам, і архітэктарам, бо спалучае Закапанскі архітэктурны стыль, беларускую традыцыю будавання з дрэва і барочныя прыступкі.

«Сам будынак быў узведзены ў 1920-х гадах Уладзіславам Гажкоўскім. І быў узведзены не толькі будынак, але яшчэ і гаспадарчыя пабудовы, і таксама існаваў парк. І мясцовыя жыхары ўзгадваюць па сённяшні дзень, што там былі паўліны, у тым парку», – распавядае гісторык Таццяна Касатая.

Аднак пасля 1939-га года, калі гэтая тэрыторыя перайшла Савецкаму Саюзу, тут зніклі і паўліны, і шляхта. З тых часоў у маёнтку жылі некалькі семʼяў. Паводле гарадзенскіх гісторыкаў, дом і рэшткі парку маглі б стаць грамадскім месцам для культурнага турызму. Замест гэтага маёнтку пагражае знішчэнне.

«У 2014 годзе гісторыкамі Горадні сумесна з Антонам Астаповічам з Менску, каторы займаецца захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны была спроба падаць гэты маёнтак у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Але ўлады адмовілі па прычыне таго, што маёнтак вельмі кепска захаваўся. Але мы бачым, што гэта не так», – звяртае ўвагу гісторык Аляксей Кайрыс.

Дом у добрым стане, рэстаўраваць проста

«Канешне, некалькі бярвенняў варта замяніць, але ў асноўным дрэва ўсё ратуецца. Для гэтага ёсць адмысловыя рэчывы, якім дрэва прапітваецца і апрацоўваецца ад вільгаці. Такім чынам дрэва можа захоўвацца яшчэ доўгія гады», – упэўнены спадар Кайрыс.

Але неабходнай і нятаннай рэстаўрацыі не плануецца. Хутчэй наадварот. Сёння маёнтак належыць агракамбінату «Скідзельскі», якому трэба пашыраць тэрыторыі для птушкафабрыкі, непакояцца адмыслоўцы. Засталіся 4 сямʼі пенсіянераў, што чакаюць адсялення.

Паводле жыхароў, ацэньваць маёнтак нядаўна прыязджалі інвестары з Польшчы, але іхныя перамовы з мясцовымі ўладамі скончыліся нічым.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў