Унікальны лямус часу ВКЛ: дакрануцца можна, заходзіць – пакуль не


У Горадні цяпер можна агледзець адзін з двух самых старых драўляных будынкаў у Беларусі. Гэта драўляны лямус XVII ст., які месціцца на тэрыторыі колішняга брыгіцкага кляштару.

Падаецца, як у краіне лясоў наагул драўляны архітэктурны аб’ект можа быць унікальным? З дрэва ў нас заўжды будавалі багата. Разам з тым, матэрыял гэты недаўгавечны, драўляныя пабудовы гарэлі падчас пажараў або банальна гнілі. Так і атрымалася, што будынкаў з дрэва 300-гадовай даўніны ў нашай краіне ўсяго два: «гэта царква ў вёсцы Порплішчы ў Докшыцкім раёне 1617 года і гарадзенскі лямус», – тлумачыць старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

«Аб’екты з дрэва XVIII ст. ёсць, а вось XVII –га – вобмаль! У Горадні з лямусам мы назіраем вельмі добры прыклад рэстаўрацыі. Прычым, рэстаўрацыі не дзяржаўнай, але зробленай сіламі рэлігійнай грамады, якая самастойна знайшла на ўсё грошы».

Каваная скоба, равесніца лямуса, выцягнутая падчас рэстаўрацыі будаўнікамі
Справка

Што такое «лямус»? Наўпрост гаспадарчая пабудова, дзе можна было нешта захоўваць. Каталіцкі кляштар сясцёр-брыгітак у часы Рэчы Паспалітай уяўляў сабой цэлы комплекс: і касцёл, і жылыя памяшканні, і гаспадарчыя. За савецкім часам манашак з кляштару выселілі, у комплексе зрабілі лякарню для псіхічна-хворых. Цудам драўляны будынак лямуса ўсё ж такі захаваўся: не згарэў падчас маштабнага пажару 1885 года ў Горадні, не быў знесены пры Саветах.

Аднаўленне лямуса трывае ўжо не першы год. З грашыма каталікам дапамагло Міністэрства культуры Польшчы. Паводле кіраўнікоў будоўлі, усе працы можна было б скончыць і за два гады помпры належным фінансаванні, але працэс зацягнуўся. Затое, будынак ужо пакрыты гонтам, умацаваныя падмуркі, звонку яго ўжо можна агледзець. Усярэдзіну заходзіць пакуль непажадана: працы трываюць.

«Зараз скончыўся трэці этап рэстаўрацыі, але да поўнага сканчэння працаў яшчэ далёка, – распавядае Гражына Шалкевіч, адміністратар інфармацыйна-турыстычнага цэнтру Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі, – Усярэдзіне яшчэ маюць быць адноўленыя страчаныя драўляныя элементы. Там будзе экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці сясцёр-брыгітак у Горадні».

Са словаў Гражыны, першапачаткова ў лямусе планавалі зрабіць музей Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі, але гэтаму супярэчаць пажарныя нормы. У падобным драўляным будынку, паводле МНС, адначасова можа знаходзіцца не больш за 15 чалавек, а што рабіць астатнім, калі прыедзе аўтобус на 50 чалавек? Чакаць гадзіну? Таму, музей дыяцэзіі будзе побач, у мураваным кляштарным будынку.

Зараз замовіць групавую або персанальную экскурсію да кляштару можна праз Гарадзенскую каталіцкую дыяцэзію. Гэта важна, бо папярэднія гады лямус фактычна быў закрытым аб’ектам на абгароджанай тэрыторыі, пасля – будаўнічай пляцоўкай. Верагодна, што пасля поўнага сканчэння працаў лямус стане адным з галоўных архітэктурных турыстычных аб’ектаў на раўне з Каложскай царквой ці Фарным касцёлам.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў