Унікальная рэзідэнцыя Дзеда Мароза з’явілася ў Магілёве. Яна цалкам ледзяная


У магілёўскім парку Падміколле з дванаццаці тонаў лёду паўстала зімовая рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Для Беларусі гэта ўнікальны аб’ект, зроблены рукамі двух чалавек – Міхаіла Рагаткі і Яраслава Філіповіча з менскай студыі ледзянога мастацтва «Nice».

Унікальная рэзідэнцыя Дзеда Мароза з’явілася ў Магілёве. Яна цалкам ледзяная.Падрабязней: https://naviny.belsat.eu/news/unikalnaya-rezidentsyya-dzeda-maroza-z-yavilasya-u-magilyove-yana-tsalkam-ledzyanaya/

Opublikowany przez Белсат TV Środa, 26 grudnia 2018

 

«Мы прафесійныя скульптары, скончылі каледж мастацтва, а пасля і Акадэмію мастацтваў у Менску. Адукацыя дала базавыя навыкі. Канечне, у працы з лёдам ёсць і свая спецыфіка, але пра яе мы даведаліся ўжо падчас працы ў студыі «Nice». Нечаму нас навучылі і спецыялісты з Піцера ды з Масквы», – кажа Міхаіл Рагатка.

Парк Падміколле, дзе часова паўстала Ледзяная рэзідэнцыя.

Міхаіл Рагатка прыдумаў канцэпцыю магілёўскай рэзідэнцыі Дзеда Мароза – з дамком, тронам і санямі, у якіх кожны можа сфатаграфавацца. На ўвасабленне ідэі ў скульптараў было толькі 8 дзён.

«З інструментаў у нас піларама, каб выганяць ледзяныя блокі ў нейкі патрэбны памер, электра- і бензапіла, а таксама інструменты ручной працы – стамескі, грабёначкі. Пры гэтым цяжэй за ўсё працаваць не імі, а галавою, гэта спатрэбіцца хаця б для таго, каб узняць 150-кілаграмовы ледзяны блок на вышыню 2 метры. У цэлым гэта фізічна цяжкая праца», – адзначае Яраслаў Філіповіч.

У дзень адкрыцця ледзяной рэзідэнцыі

Лёд для рэзідэнцыі прывозяць з Расеі, бо ў Беларусі такога тоўстага і крыштальна чыстага няма. Лёд здымаюць з замёрзлага краю возера, яго таўшчыня – прыблізна 25 см. Адзін ледзяны блок важыць 120–150 кг. Паміж сабою блокі змацаваныя звычайнаю вадою.

«Тэмпература каля нуля ледзяной рэзідэнцыі не страшная. Пры такім надвор’і лёд прастаіць да вясны. Мы нават некаторыя элементы рабілі больш тоўстымі, каб яны маглі падтаць. Адзінае, што можа сапсаваць фігуры, – гэта дождж ці людзі. Хаця і тут цяжка: вага адной фігуры – каля тоны, выходзіць, каб заваліць, трэба ледзь не з танка разганяцца», – заўважае Міхаіл Рагатка.

Ледзяная рэзідэнцыя Дзеда Мароза падчас святаў станецца адным з эпіцэнтраў навагодніх гулянняў у Магілёве.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў