Унікальнае балота на Лідчыне знішчаць дзеля торфу


Лідскі торфабрыкетны завод плануе асушыць пойму Дзітвы, памерам у тысячу гектараў, дзе жывуць чырвонакніжныя віды птушак. Мясцовыя жыхары спрабуюць абараніць багністую тэрыторыю, якую цудам абмінула савецкая меліярацыя, але закранула на жаль прэзідэнцкая праграма торфараспрацовак.

Калі паглядзець на Дзітву з вышыні птушынага палёту, яе воды больш нагадваюць набрынялыя вены, што няспынна нясуць кроў у сэрца Лідчыны. У пэўны момант гэты прыток Нёмна раздвойваецца, фармуючы рукаў з некалькімі выспамі ў сярэдзіне. У народзе гэты кавалак зямлі людзі так і называюць – Міжрэчча.

Гэта амаль тысяча гектараў багністай тэрыторыі, якая стала прытулкам для многіх дзікіх жывёлаў. У савецкі час гэтаму кутку пашчасціла і яго не закранула меліярацыя. Аднак у 2016 годзе 982 га Міжрэчча ўключылі ў распрацоўны фонд Стратэгіі захавання і рацыянальнага выкарыстання тарфянікаў. Гэта азначае, што ў хуткім часе Лідскі торфабрыкетны завод тут пачне распрацоўваць торф, а ўнікальная, адзіная не кранутая гаспадаркай мясціна на Лідчыне бясследна знікне.

Правы прыток Нёмна, рака Дзітва ў Лідскім раёне. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Зрабіць экскурсію па Міжрэччы для нас пагадзіўся былы егер Лідскага лясгаса Аляксей Якімчык, які шмат гадоў ахоўваў гэтыя мясціны ад браканьераў. Спадар Аляксей быў адным з актывістаў па зборы подпісаў, каб захаваць Міжрэчча. У мінулым годзе амаль 400 чалавек выказалі сваё «супраць» торфараспрацоўкам на пойме Дзітвы, аднак іх галасы, не былі пачутымі.

Спадар Аляксей пагадзіўся паказаць самое сэрца дзікага Міжрэчча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Гэта такая мясціна, дзе фактар трывогі для жывёлаў зусім мінімальны. Каля Ліды больш такіх месцаў проста няма. Я шмат гадоў папрацаваў егерам і ўвесь час хадзіў тут па загонках, пралазіў паўсюды, таму ведаю, хто тут водзіцца. Вясной тут столькі жураўлёў злятаецца, столькі птушак вадаплаўных. З самага ранку дзясяткі козачак выходзяць. Ласёў колькі, дзікоў. Рысь тут бачылі, барсукоў. Як падумаю, што гэта ўсё пад нож пойдзе, проста сэрца баліць», – кажа спадар Аляксей.

Былы егер Лідскага лясгасу паказвае разліў Дзітвы, які ўтварыў Міжрэчча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Па дарозе да поймы ён паказвае лес, дзе ёсць гнёзды арланаў-белахвостаў, якія харчуюцца рыбай і вадаплаўнымі птушкамі. Калі міжрэчча Дзітвы будзе знішчана, знікне з гэтых мясцін і арлан-белахвост, адна з самых вялікіх і рэдкіх драпежных птушак Беларусі. Падчас падрыхтоўкі тэрыторыі да торфараспрацовак, увесь верхні слой разам з дрэвамі будзе выкарчоўвацца і звальвацца ў кучы. Птушкам пашчасціць, калі гэта адбудзецца яшчэ да вясны, бо тады яны змогуць знайсці іншы дом. Аднак, калі руйнаванне лесу прыпадзе на перыяд гнездавання, птушаняты арланаў-белахвостаў проста загінуць.

Дзікія насельнікі Міжрэчча

Вандроўка па балотах Дзітвы аказалася зусім не шпацырам па пратаптаных людзьмі сцяжынках. Пад’ехаўшы да ракі, спадар Аляксей проста развёў трохметровыя зараснікі чароту рукамі і ўпэўнена рушыў наперад. Асцярожна прабіраючыся праз балотныя джунглі, якія з галавой накрываюць чалавека, знаходзім ляжанку. «Гэта лось тут адпачываў», – тлумачыць была егер.

Спадар Аляксей пагадзіўся паказаць самое сэрца дзікага Міжрэчча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праз хвілін 15 выходзім на поплаў, на якім віецца некалькі сцяжынак. Няўжо тут хадзілі людзі? Ізноў здзіўляемся: акуратныя сцежкі праклалі пузатыя бабры. А вось і іх хатка, больш падобная да вігвама паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Паўкруглы шалаш з выхадам у раку аказаўся пусты. Працавітыя бабры не збіраліся, відаць, вітацца з няпрошанымі гасцямі.

Бабровая хатка. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пасля паўтары гадзіны змагання з гушчаром і трыснягам, урэшце выходзім на луг з шэрагам паляўнічых вышак. Гэтыя мясціны наведваюць толькі аматары палявання і зрэдку навукоўцы. Нават самыя зацятыя рыбакі не адважваюцца лезці ў гэтыя зараслі. Месца сапраўды ўнікальнае сваёй шчыльнасцю дзікіх жывёлаў, якіх амаль не трывожыць чалавек. Тут няма гораў пластыкавых бутэлек і фанцікаў. Тут спакойна блукаюць дзікі, рысі, бабры, ласі і касулі, якія праз пару гадоў могуць канчаткова страціць свой дом.

Недалёка Ліды Дзітва разліваецца на два вялікіх ручая, якія ствараюць пойму з выспамі, на якіх сёння жывуць шматлікія дзікія жывёлы . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Акрамя таго ў пойме Дзітвы водзіцца 67 гатункаў птушак, 5 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а 18 іншых знаходзяцца ў неспрыяльным статусе пагрозы. Апошнюю і самую каштоўную яшчэ ў 2017 годзе выявіла група арнітолагаў, якім удалося зафіксаваць самца вяртлявай чарацянкі. Гэтая птушка рэдкая не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. У нашай краіне водзіцца 60 адсоткаў яе агульнаеўрапейскай папуляцыі. Апроч таго сюды прылятае чырвоны бугай, вядуцца шэрыя гусі і зімародкі. У самой рацэ ёсць ямы, дзе рыбы становяцца на зімоўку, а потым вясной з Нёмна прыплывае некалькі відаў на нераст.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У сваім калектыўным звароце мясцовыя жыхары выступілі з прапановай зрабіць на тэрыторыі Міжрэчча заказнік. Аднак з Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь прыйшоў адказ, што аб’яўленне поймы ракі Дзітва заказнікам не прадугледжана ў зацверджанай раней схеме ахоўных прыродных тэрыторый Гарадзенскай вобласці. Апроч таго не можа не здзіўляць заключэнне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасля даследаванняў у чэрвені 2017 года, якое не выявіла ў Міжрэччы жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Улічваючы ранейшыя заключэнні іншых навукоўцаў, выклікае пытанне якасць праведзеных даследаванняў Акадэміяй навук.

Торф больш каштоўны за прыроду?

У сваім звароце да мясцовых уладаў, жыхары Лідчыны адзначаюць, што ў выніку асушэння поймы Дзітвы, панізіцца ўзровень грунтовых водаў, што ў сваю чаргу зменіць глебавае покрыва, выклікае крытычны недахоп вады ў вёсках, знішчыць раслінны і жывёльны свет і можа прывесці да прыроднай катастрофы і дэградацыі навакольных земляў.

На полі побач з ракою, торф прабіваецца скрозь зямлю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Разумееце, гэта лёгкія Ліды і раёну і, калі гэта пойдзе пад торфараспрацоўкі, то горад будуць накрываць пясчаныя буры. Нават у гэтым годзе, калі не было дажджу, то пясок так падымаўся, што машыны на дарозе спыняліся. Могуць пачацца пажары, як гэта было на тарфяніках Дакудава, калі ўся дарога М6 каля Ліды ў дыме стаяла. Апроч таго, калі ўсё раскарчуюць, упадзе вада ў суседніх вёсках. Мы пісалі і мясцовым уладам, і ў Акадэмію навук, каб зрабіць на гэтай тэрыторыі заказнік, у адказ толькі адпіскі – прэзідэнцкая праграма торфараспрацовак. Думаю, тут усё ўпіраецца ў тое, што, калі людзям не будзе дзе працаваць, на торфазаводзе будуць скарачэнні», – кажа спадар Аляксей.

З рашэннем уладаў аддаць Міжрэчча пад торфараспрацоўкі не пагаджаецца таксама кіраўнік ГА «Багна» Канстанцін Чыкалаў:

«Хачу нагадаць, што ў 2011 годзе па Лідскаму раёну ўжо ўзнікала канфліктная сітуацыя з асушэннем балота Дакудаўскае на тэрыторыі аднайменнага заказніка. Тады мы ініцыявалі кампанію «У абарону беларускіх балотаў», але ўсё ж такі заказнік быў рэарганізаваны і частку балота аддалі торфазаводу. Гэта азначае, што ў прадпрыемства з’явіліся новыя плошчы, дзе яны ў бліжэйшай перспектыве будуць здабываць торф. Узнікае пытанне: навошта зараз ім лезці ў натуральную пойму і сеяць канфліктную сітуацыю з мясцовымі жыхарамі?».

Апроч таго Канстанцін Чыкалаў звяртае ўвагу на тое, што згодна з «Правіламі і парадкам вызначэння кірункаў выкарыстання тарфяных радовішчаў і балот», апісанымі ў Тэхнічным кодэксе ўсталяванай практыкі Аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, у выпадку выяўлення чырвонакніжных відаў і рэдкіх біятопаў, балота не павінна паддавацца торфаздабычы. У тым жа самым дакуменце гаворыцца пра тое, што тэрыторыі балотаў у водаахоўнай зоне і прыбярэжнай паласе рэк падлягаюць асаблівай ахове.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«У 2017 годзе ў пойме Дзітвы былі знойдзены чырвонакніжныя віды і ўнікальныя біятопы, сярод якіх ёсць від пад глабальнай пагрозай – вяртлявая чарацянка. Навукоўцамі былі падрыхтаваны ахоўныя пашпарты, якія аднак дагэтуль не былі зацверджаны», – дадае спадар Канстанцін.

Як выратаваць Міжрэчча?

«Я лічу, што неабходна вярнуцца да планаў па стварэнні з гэтай тэрыторыі заказніка. Але дзеля гэтага трэба спыніць працэс па вывядзенні зямлі і асушэнню поймы. Сітуацыя складаная. Вырашаць праблему трэба з раённымі ўладамі і торфазаводам. Магчыма незалежная ацэнка экалагічных паслуг, якія дае пойма ў тым выглядзе, як яна ёсць, таксама паказала б эканамічную немэтазгоднасць распрацоўкі і здабычы торфу, але гэта дастаткова дарагое даследаванне. Без намаганняў мясцовых жыхароў, цяжка чаго-небудзь дабівацца, таму важна, каб людзі працягвалі патрабаваць захавання прыроднай тэрыторыі Дзітвы. Мы і яшчэ некалькі экалагічных арганізацыяў Беларусі таксама падтрымліваем пазіцыю захаваць тэрыторыю і робім усё магчымае з нашага боку», – кажа Канстанцін Чыкалаў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў