«Унесці разлад у братэрскія адносіны». Амбасадар Расеі ў Беларусі пракаментаваў справу баевікоў


Афіцыйны ліст з’явіўся на старонцы расейскай амбасады ў Беларусі.

Дзмітрый Мезенцаў.
Фота: belarus.mid.ru

Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем баевікоў у Менску. Паводле звестак «Интерфакса», грамадзяне Расейскай Федэрацыі ехалі праз Беларусь у Стамбул. Падставаю для прыезду ў Беларусь быў кантракт з адной з камерцыйных фірмаў, зарэгістраваных у Беларусі. А ў санаторыі «Беларусачка» яны апынуліся, бо спазніліся на свой рэйс 25 ліпеня.

«Трактаванне побач сродкаў масавай інфармацыі факту затрымання расейскіх грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі як спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі – не мае пад сабою аніякіх падставаў, але толькі дапамагае ворагам Саюзнай дзяржавы ўносіць разлад у братэрскія стасункі нашых краінаў. Расейскія грамадзяне не маюць дачынення да падзеяў, якія звязаныя з грамадска-палітычнай сітуацыяй на Беларусі», – гаворыцца ў заяве амбасадара.

Ён падкрэсліў, што Расея будзе ўсялякім чынам абараняць сваіх грамадзянаў. Таксама амбасада чакае ад кампетэнтных беларускіх органаў пацверджання падстаў да крымінальнай справы. І заклікае журналістаў публікаваць толькі правераныя звесткі.

«Маштаб, гістарычная значнасць двухбаковых адносінаў… – гэта непераходныя каштоўнасці для нашых братэрскіх народаў, і ставіць гэта пад сумнеў недапушчальна, тым болей спасылаючыся на ўзнікшы эпізод, які патрабуе сумеснага пільнага аналізу і праверкі», – зазначыў амбасадар.

Учора беларускія ўлады абвясцілі аб затрыманні 33 баевікоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер». З іх 32 чалавекі – грамадзяне Расеі. Агулам беларускія ўлады абвясцілі аб знаходжанні на тэрыторыі Беларусі 200 баевікоў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў