Ульяна Бабаед: Кіраўнік следчай групы крычаў на мяне, казаў, што я не асвятляю дзейнасці Лукашэнкі


Рэдактарка TUT.by Ульяна Бабаед заявіла на судзе, што Марына Золатава «не мела тэхнічнай магчымасці» паўплываць на тое, чытаюць журналісты рэдакцыі платную падпіску БелТА або не.

Ульяна Бабаед раней праходзіла абвінавачанай па «справе БелТА». Рэдактарка распавяла на судзе, што яе вінавацілі ў 19 выпадках доступу да платнай падпісцы БелТА з выкарыстаннем пароля, які Бабаед атрымала на мінулым месцы працы – у газеце «Камсамольская праўда». Аднак рэдактарка звяртае ўвагу: ва ўсіх 19 выпадках яна чытала навіны па платнай падпісцы ўжо пасля таго, як адпаведныя навіны з’явіліся на сайце БелТА.

«У той момант, калі я чытала гэтыя навіны, іх маглі чытаць ужо ва ўсім свеце. Дык якая розніца, дзе я іх чытала?» – задала рытарычнае пытанне рэдактарка.

Паводле Бабаед, яна карысталася паролямі «Камсамольскай праўды» проста па звычцы. Рэдактарка згодная, што не мела рацыі ў гэтай сітуацыі. Аднак падкрэслівае: калі ёй давалі паролі ў «КП», умовы іх выкарыстання не абмяркоўваліся.

«Каб доступ быў несанкцыянаваны, значыць штосьці мусіць гэта забараняць. Такога дакументу не было», – дадала яна.

Бабаед распавяла, што яна не абмяркоўвала пытанне выкарыстання платнай падпіскі БелТА з Золатавай да 19 сакавіка 2018 года. Тады ў яе адбылася размова з галоўнай рэдактаркай TUT.by наконт практыкі цытавання інфармацыі БелТА і Золатава крытычна паставілася да выкарыстання чужых пароляў. Пасля гэтага Бабаед «паступова перастала іх выкарыстоўваць».

Бабаед адзначыла, што лічыць абвінавачванне Золатавай нелагічным.

«Золатава не мела тэхнічнай магчымасці ўплываць на тое, чытала я гэтыя заметкі па платнай падпісцы або не», – падкрэслівае рэдактарка.

Бабаед адзначыла, што лічыць справу палітычнай.

«Падчас следства некаторыя моманты сведчылі пра тое, што гэта палітычная справа. Кіраўнік следчай групы крычаў на мяне, казаў, што я не асвятляю дзейнасць прэзідэнта Лукашэнкі, патрабаваў паказанняў супраць Золатавай», – распавяла яна ў судзе.

Бабаед таксама звярнула ўвагу: за 19 прачытаных па платнай падпісцы заметак БелТА, што зафіксавала следства, яна заплаціла кампенсацыю ў памеры 8 580 рублёў – па 451 рублі за тэкст.

Абноўлена
Рэдактар ​​Realt.by заявіў пра ціск следчых і фальсіфікацыю паказанняў супраць Марыны Золатавай
2019.02.14 11:50

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў