Ультрагук не дапамог. У папулярнай беларускай блогеркі выявілі рак


У жонкі вядомага хакеіста і трэнера, фатографкі ды Instagram-блогеркі Надзеі Мялешкі знайшлі рак грудзей трэцяй стадыі. Хваробу не ўдалося своечасова выявіць нават на рэгулярным УГД малочнай залозы.

Пра захворванне Надзея Мялешка паведаміла ў сваім Instagram, у якога больш за 78 тыс. падпісчыкаў. Калі мы звязаліся з жанчынаю, яна якраз была на хіміятэрапіі ў РНПЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ў Бараўлянах.

Па словах суразмоўцы, апошняе УГД яна рабіла некалькі месяцаў таму, і ўсё было добра. Але затым яна сама знайшла пухліну. У выніку 8 студзеня ёй паставілі дыягназ – рак грудзей 3-й стадыі.

«Пухліну не выявілі тры месяцы таму на УГД, бо гэта такі агрэсіўны від пухліны. Яна рэзка вырастае і хутка развіваецца. Ні УГД, ні дактары не могуць гэта ўбачыць. Такі від пухліны – ён нясе генетычны характар», – адзначыла Надзея Мялешка ў размове з карэспандэнтам belsat.eu.

Жанчына прызнаецца: пасля хіміятэрапіі цяжка – «гэта не вітамінчыкі калоць». Але аптымізму яна не губляе, хоць і разумее, што наперадзе «цяжкі год змагання».

Што можа паўплываць на рак?

Вядомы беларускі анколаг-мамолаг Леанід Путырскі, які да таго ж мае ўласны Youtube-канал, дзе распавядае пра прафілактыку і лекаванне раку грудзей, у размове з карэспандэнтам «Белсату» назваў згаданы выпадак незвычайным. Пры гэтым ён даў шэраг рэкамендацыяў для прафілактыкі захворвання. Перадусім доктар параіў памятаць, што здароўе чалавека закладаецца з дзяцінства. Паводле яго, сярод таго, што можа паўплываць на малочную залозу: спадчыннасць, нервовы ды гарманальны фактары, імунітэт, харчаванне і экалогія.

Мамолаг Леанід Путырскі. Фота https://www.facebook.com/leonid.putyrski

У гарманальным фактары для меншай рызыкі развіцця раку малочнай залозы Леанід Путырскі заклікаў нараджаць першае дзіця ў 20-25 гадоў. Пры гэтым карміць дзіця грудзьмі варта не менш за год, а то і да двух гадоў, паводле рэкамендацыяў САЗ, адзначыў суразмоўца. Таксама, паводле яго, трэба, каб у жанчын не было мастытаў і абортаў.

«Больш абортаў – большая рызыка раку малочнай залозы», – дадаў спецыяліст.

Паўплываць на малочную залозу можа таксама шчытападобная. Яшчэ Леанід Путырскі раіць старацца пазітыўна ставіцца да жыцця, каб зменшыць уплыў нерваў на здароўе. У выпадку цяжкіх сітуацыяў доктар рэкамендуе піць заспакаяльныя сродкі, пажадана натуральныя.

«Калі чалавек пазітыўна жыве, а другі – негатыўна, нават пры адным і тым жа стане ў іх будуць розныя перспектывы адносна здароўя», – падкрэсліў ён.

Спрыяе меншай колькасці праблемаў са здароўем таксама добры імунітэт, а развіццю анкалогіі – шкодная экалогія, ужыванне алкаголю ды цыгарэтаў, бо «прадукты распаду пры курэнні, усмактваючыся ўнутр, псуюць працэсы стрававання і могуць з’яўляцца шмат якія пухліны», дадаў ён.

У харчаванні Леанід Путырскі раіць сачыць за як мага большай натуральнасцю прадуктаў. Апроч таго, варта менш ужываць бытавую хімію (у тым ліку пры мыцці посуду, асвяжэнне паветра – «гэта тое самае, што курыць»), ненатуральныя крэмы, шампуні, гелі, зубныя пасты.

Дыягностыка і лекаванне

Што датычыць ранняй дыягностыкі, то Леанід Путырскі раіць не злоўжываць рэнтгенаўскім выпраменьваннем і камп’ютарнай тамаграфіяй – «толькі там, дзе трэба». Пры гэтым жанчынам трэба самім аглядаць сябе.

«Кожны тыдзень пасля месячных, ці, калі няма месячных, проста ў новы месяц – сачыць за сваймі грудзьмі. Агледзець вокам і рукамі прамацаць», – сказаў ён.

Да 40 гадоў трэба раз на год, а пасля 40 – раз на паўгода наведваць доктара і рабіць УГД. Мамаграфію трэба рабіць з 50 гадоў, але не часцей за раз на два гады, бо «гэта таксама апраменьванне».

«І, канечне, калі любая жанчына нешта ў сябе знайшла, яна павінна імгненна – дзень-два-тры – быць у доктара, каб паказацца. Хай лепш памылковая трывога, чым прапусціць, а пасля шкадаваць», – дадаў доктар.

Разам з тым Леанід Путырскі прызнае, што праз вялікія чэргі да анколагаў людзі могуць чакаць першай кансультацыі месяц-паўтара. Ён спадзяецца, што з новым міністрам, які сам з’яўляецца анколагам, гэтую сітуацыю атрымаецца выправіць.

Hавiны
«З праблемаю пакуль не справімся». Мамолаг Леанід Путырскі пра тое, чаму беларускі ўсё часцей хварэюць на рак малочнае залозы
2019.10.27 16:08

Даведка

  • У 2019 года ў Беларусі было выяўлена 49,9 тыс. новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. У мужчынаў часцей за ўсё выяўлялі рак прадсталёвай залозы, лёгкага, каларэктальны рак. У жанчын – рак малочнай залозы, каларэктальны рак і рак маткі. На дыспансерным уліку летась было 318 тыс. чалавек, з іх пяць гадоў і больш – 160 тыс., або 51 %.
  • За 2019 год 75 тыс. жанчын прайшлі скрынінг на рак малочнай залозы, што на 24 % больш, чым у 2018 годзе. Рак выяўлены ў 0,5 % выпадкаў, у 379 чалавек. У 344 жанчын – на нулявой, першай і другой стадыях. На рак прадсталёвай залозы абследаваліся 138 тыс. мужчынаў. У 884 чалавек знайшлі анказахворванні, у 80,7 % выпадкаў – на першай і другой стадыях. На каларэктальны рак абследаваныя 30 тыс. чалавек, ён дыягназаваны ў 81 выпадку. У 82 % пацыентаў – на ранніх стадыях.
  • Паводле даследавання «Актуальныя пытанні жаночага здароўя», менавіта рака малочнай залозы больш за ўсё баяцца беларускія жанчыны. На другім месцы стаіць рак цела маткі, на трэцім – рак шыйкі маткі.
  • 80 % пухлінаў грудзей жанчыны выяўляюць самастойна. Але далёка не ўсе з іх адразу ж звяртаюцца да спецыялістаў. У выніку ў 20-30 % жанчын захворванні выяўляюцца позна, у 20 % пераходзяць у хранічную форму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў