Уладзімір Сямашка адказаў на пытанне пра кошт электраэнергіі пасля запуску БелАЭС. Цытата


Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў у інтэрвʼю «Астравецкай праўдзе», што нават для жыхароў Астравецкага раёну ніякіх прэферэнцыяў наконт коштаў на электраэнергію не будзе. Наадварот – цана будзе толькі расці.

Мясцовае выданне спытала чыноўніка, ці чакаць нейкіх прэферэнцыяў жыхарам Астравецкага раёну пасля таго, як у іх пачне працаваць АЭС.

«Не. Прэферэнцыі плануюцца для рэальнага сектара эканомікі, які моцна перагружаны. Да прыкладу, два аўтамабільных гіганта – беларускі МАЗ і расейскі КамАЗ, якія працуюць на адных і тых жа еўразійскіх рынках, купляюць электраэнергію па розным кошце: МАЗ плаціць 11 цэнтаў за кілават-гадзіну, а КамАЗ – 4,5 цэнта. Думаю, не варта тлумачыць, чыя прадукцыя будзе больш канкурэнтаздольная на рынку? І гэта тычацца не толькі гэтых прадпрыемстваў.

Другі момант: нам трэба паступова адыходзіць ад перакрыжаванага субсідзіравання. У Беларусі сёння самы нізкі тарыф на электраэнергію для насельніцтва. На захадзе насельніцтва плаціць за электраэнергію ў 2-3 разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, у Нямеччыне каля 8,5 цэнта за кілават-гадзіну плаціць прамысловы вытворца, а насельніцтва – каля 27 цэнтаў. А ў нас наадварот: 11,5 цэнта плоціць той жа МАЗ, а прыватныя спажыўцы – каля 5 цэнтаў. Таму тарыф для насельніцтва паступова будзе падымацца – вядома ж, не абы-як, а па меры росту рэальных заробкаў.

Людзі павінны аплачваць рэальны кошт гэтай кілават-гадзіны – сёння ж насельніцтва аплачвае каля 80 адсоткаў ад сабекошту электраэнергіі, газу – і таго менш: каля 43 адсоткаў.

Ставіцца задача – даць магчымасць «раскруціцца», зарабіць рэальнаму сектару эканомікі: у гэтым выпадку выйграюць і людзі», – заявіў Сямашка.

ІІ, belsat.eu, паводле ostrovets.by

Стужка навінаў