Уладзімір Пуцін: Для будучыні нацыі шкодна купацца ў сваім гераізме бясконца


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што «ніводная краіна, ніводзін народ не павінен жыць мінулым і купацца ў сваім гераізме бясконца». На думку кіраўніка Расейскай Федэрацыі, «гэта шкодна і небяспечна для будучыні нацыі». Пуцін заклікаў «ісці наперад, у значнай ступені абапіраючыся на падмурак таго, што зроблена папярэднімі пакаленнямі».

У сваім выступе Пуцін назваў расейскую гісторыю «асновай нашага нацыянальнага светапогляду, <…> крыніцай разумення і сваёй ідэнтычнасці, і сваёй цывілізацыйнай місіі».

Кажучы пра Другую сусветную вайну, Пуцін назваў важнай задачай гістарычнай навукі мадэляванне наступстваў вайны ў выпадку паразы Савецкага Саюзу. «Кажуць, палітыка не зносіць умоўнага ладу – так і ёсць, палітыка не зносіць, а навука зносіць і нават гэта мае вялікае значэнне і цікавасць», – сказаў Пуцін. Відавочна, ён меў на ўвазе выказванне пра тое, што гісторыя, а не палітыка, не зносіць умоўнага ладу.

Пуцін выступіў на сустрэчы з удзельнікамі Агульнарасейскага гістарычнага сходу. Яго арганізавалі Расейскае вайскова-гістарычнае таварыства і Расейскае гістарычнае таварыства. На сустрэчы прысутнічалі міністр культуры Расеі Уладзімір Мядзінскі і спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін.

Пуцін прызнае, што «сучасны свет мяняецца, межы сціраюцца». «Але не ведаю такога народу, які не даражыў бы сваёй ідэнтычнасцю, і страта яе вядзе да цяжкіх наступстваў», – упэўнены прэзідэнт РФ. «Гэта не наш выбар; мы за тое, каб быць часткай сучаснай цывілізацыі і, безумоўна, глядзець у будучыню», – цытуе словы кіраўніка Расеі агенцтва ТАСС.

У сваіх выступах Уладзімір Пуцін да гэтага ўвесь час падкрэсліваў вырашальны ўнёсак Савецкага Саюзу ў перамогу над нацысцкай Нямеччынай у Другой сусветнай вайне і згадваў пра спробы перагляду гісторыі з мэтай прынізіць гэты ўнёсак.

У лютым 2016 году Пуцін назваў патрыятызм нацыянальнай ідэяй Расеі.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў