Уладзімір Макей: «Запэўніваю вас, што рэжым моцны»


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей лічыць, што калі Беларусь і ЕЗ вернуцца ў сваіх стасунках да сітуацыі, якая назіралася адразу пасля падзеяў 2010 года, то «ўжо трэцяй адлігі не будзе». Пра гэта ён заявіў журналістам, піша TUT.by.

Журналісты запыталі ў Макея, ці не баіцца ён, што імклівы рост колькасці палітвязняў у Беларусі пацягне за сабою пагаршэнне стасункаў з ЕЗ. Міністр у сваю чаргу заклікаў «больш акуратна» абыходзіцца з тэрмінам «палітвязень». Ён адзначыў, што сам факт таго, што гэтым пытаннем займаецца Праваабарончы цэнтр «Вясна» сведчыць пра тое, «што створана магчымасць для дзейнасці ў нашым грамадстве розных структураў, у тым ліку і апанентаў улады». «Гэта пацвярджае тое, што мы спакойна рухаемся да дэмакратыі, да правоў чалавека», – дадаў ён.

Макей адзначыў, што прадстаўнік ЕЗ, вядома, «выказваюць сваю боязь», але беларускі бок просіць «каб яны, аналізуючы сітуацыю ў Беларусі, рабілі свае высновы на падставе аб’ектыўнага аналізу сітуацыі (афіцыйнага і неафіцыйнага) і ўносілі адпаведныя прапановы ў свае сталіцы на падставе гэтага аналізу».

«Я думаю, што памылка шмат каго цяпер – усё роўна, вонкавых, унутраных сілаў – складаецца ў тым, што ўсе думаюць, што рэжым слабы. Я кажу гэта і як кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства, і як чалавек. Усе ўспамінаюць 2010 год, калі таксама думалі, што рэжым слабы, а цяпер яшчэ больш. Запэўніваю вас, што рэжым моцны, спакойны і мы ўпэўнены ў тым, што сітуацыя будзе пад кантролем.

Я разумею, што пасля гэтага будзе шквал крытыкі асабіста ў мой адрас. Але зыходзіць трэба з гэтага. Трэба падумаць, што лепш – здзяйсняць нейкія правакацыйныя дзеянні (я не кажу цяпер, што хтосьці ўжо здзяйсняў, але тэарэтычна), якія выклікаюць дзеянні, рэвалюцыйныя дзеянні, ці ж усё-такі прайсці гэтыя выбары», – заявіў Макей.

«Я перакананы, што калі здарацца непажаданыя падзеі, якія адкінуць нас у 2010 год ці якія завершацца вынікамі, падобнымі 2010 годзе, то ўжо трэцяй адлігі не будзе. Аднаўленне нармальных стасункаў з іншымі краінамі зойме нашмат больш часу, чым гэта было пасля 2010 года. У маім разуменні гэта ні грамадству, ні дзяржаве нявыгадна», – падкрэсліў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў