Уладзімір Макей пра скандал вакол БелАЭС: Мы не ідыёты і не будзем будаваць бомбу запаволенага дзеяння


«Адной рукой Літва галасуе за адмену санкцыяў, другой – супраць супрацы з фінансавымі інстытутамі, якія садзейнічаюць будаўніцтву АЭС. Беларусь не разумее палітычныя інсінуацыі вакол будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі», – сказаў міністр. – Гэта азначае фактычна новыя завуаляваныя санкцыі».

Паводле кіраўніка дыпламатычнага ведамства, Беларусь, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, «ніколі не будзе будаваць небяспечную станцыю».

«Мы не хацелі б зноў мець «атамную бомбу запаволенага дзеяння», як вобразна выказаўся адзін з літоўскіх палітыкаў. Мы не такія, прабачце, ідыёты», – падкрэсліў кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства.

Макей звярнуў увагу, што адзін з папрокаў Літвы палягае на тым, што Беларусь будуе небяспечную АЭС новага тыпу. Паводле дыпламата, расейскі рэактар такога тыпу выкарыстоўваецца ў шэрагу еўрапейскіх краінаў – Чэхіі, Славеніі, Вугоршчыне, Фінляндыі. Паводле Літвы АЭС будуецца занадта блізка да Вільні. Макей прывёў прыклады, калі ў Еўропе такія станцыі будуюцца паблізу буйных гарадоў і межаў суседніх дзяржаваў, але іх ніхто за гэта не папракае.

«Мы не папракаем Літву ў тым, што Ігналінская АЭС знаходзіцца ў 2 км. ад нашай мяжы», – сказаў Макей. Беларускі дыпламат адзначыў, што Беларусь неаднаразова накіроўвала запыты на справаздачу аб тым, як менавіта выводзілася з эксплуатацыі Ігналінская АЭС, а таксама аб тым, як вядзецца будаўніцтва атамнай станцыі ў Вісагінасе ды сховішча адпрацаванага ядравага паліва непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Адказаў на гэтыя запыты Беларусь так і не атрымала, – сказаў дыпламат.

«Антыбеларуская істэрыя, якая нагнятаецца ў літоўскім грамадстве, не спрыяе развіццю добрасуседскіх, сяброўскіх адносінаў паміж нашымі краінамі. Мы брацкія народы і нам няма чаго дзяліць. Трэба адысці ад палітычных заклікаў і інсінуацыяў, садзіцца экспертам за стол перамоваў і абмяркоўваць усе пытанні, якія турбуюць абодва бакі», – мяркуе міністр.

Нагадаем, 5 траўня МЗС Літвы ўручыла амбасадару Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз інцыдэнт на Астравецкай АЭС. Падставай стала інфармацыя, апублікаваная на belsat.eu.

На наступны дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект але яго, наступствы ліквідаваныя.

Сейм Літвы заклікаў прыняць захады па спыненню будаўніцтва БелАЭС.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў