Уладзімір Кондрусь спыніў галадоўку, ягоная справа на дадатковым расследаванні


Апошні вязень Плошчы-2010 спыніў галадоўку.

Пракуратура Менску вярнула на дадатковае расследаванне ў Следчы камітэт крымінальную справу супраць жыхара Рудзенску Уладзіміра Кондруся, якога праваабаронцы Беларусі прызналі палітзняволеным.

Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна», які аказвае сваякам Уладзіміра Кондруся прававую дапамогу.

«Мяркую, гэтую справу проста адклалі з прычыны выбараў, каб не даваць міжнародным назіральнікам прычынаў казаць, што ў Беларусі зноў зʼявіліся палітычныя вязні. Пройдуць выбары, і такім справам, як справа Уладзімера Кондруся, а таксама актывіста Змітра Паліенкі ды блогера Эдуарда Пальчыса, зноў дадуць рух», – мяркуе намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Чытайце таксама >>>> Бацька Уладзіміра Кондруся: «Сын напалову труп, яму неабходная дапамога»

Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Масавыя беспарадкі»). Уладзімір Кондрусь утрымліваецца ў СІЗА N 1 Менску.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Стужка навінаў