Уладзімір Кобец: Наталля Радзіна мае падзякаваць палякам, а не скандаліць


Былы дырэктар варшаўскага фонду «Хартыя’97» выказаўся пра сітуацыю з падтрыманнем «Хартыіʼ97».

«Перш за ўсё я б хацеў адзначыць вялікую ролю і Польшчы як краіны, і Фонду міжнароднай салідарнасці як інстытуцыі ў дапамозе грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Для рэдакцыі сайту «Хартыя’97» Польшча фактычна стала другім домам пасля пагрому ў Менску ў 2010 годзе. У 2012 годзе Варшава вылучыла для рэдакцыі памяшканне на прэферэнцыйных варунках, і ў сайту ўпершыню ўзніклі ўмовы для развіцця ва ўмовах бяспекі ды камфорту.

Таму першыя і галоўныя словы, якія варта было б сказаць галоўнаму рэдактару ў бок Польшчы – гэта словы падзякі. Але ж мы бачым нешта супрацьлеглае – на роўным месцы ўчыніць скандал. На жаль, гэта ўжо выпрацаваны стыль.

Падкрэслю, з інфармацыі на сайце «Хартыі» вынікае адное: Наталлі патлумачылі правілы, якімі кіруецца Фонд салідарнасці і якія аднолькавыя для ўсіх, хто звяртаецца ў гэты Фонд з праектавымі прапановамі. Гэтак было і год, і два, і тры таму назад.

З таго, што мы бачым, вынікае неразуменне кіраўніцтвам «Хартыі» існых законаў і правілаў, але яны не мяняліся апошнія некалькі гадоў. Таму няма самой падставы для скандалу і абвінавачанняў кагосьці ў змове».

«Хартыя-97» адкрыла офіс у Варшаве ў 2012 годзе.

Сайт заблакавалі ў Беларусі без папярэджання ў студзені летась. Тлумачэнні Міністэрства інфармацыі, якія з’явіліся праз пару дзён, не ўтрымлівалі ані канкрэтных артыкулаў, ані дакладных прычынаў блакавання старонкі. У верасні 2018 года праект адзначыў свае 20-ыя народзіны.

Паводле рэдакцыі сайту, за сваю пазіцыю ім давялося заплаціць высокую цану. Тры з паловаю месяцы перад гэтак званымі прэзідэнцкімі выбарамі 2010-га года заснавальніка і першага кіраўніка сайту Алега Бябеніна знайшлі павешаным на ягоным лецішчы. Ані цыдулкі, ані паведамленняў рэдактар не пакінуў. Следства вынесла свой вердыкт – самагубства. Калегі ж упэўненыя: Алега Бябеніна забілі, тым самым аслабіўшы каманду кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава.

belsat.eu

 

Стужка навінаў