Уладзімір Каранік пагаварыў з прадстаўнікамі Гарадзенскага ўніверсітэту: «Сустрэнемся ў прававым полі»

27 жніўня ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы адбылася сустрэча ініцыятыўнай групы і новага старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Караніка. Нечакана для прысутных атрымаўся дыялог, а не маналог, як усе чакалі.

Уладзімір Каранік, цяперашні старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму і былы міністр аховы здароўя, сустрэўся з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы, створанай у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы. У групу выходзяць як выкладчыкі, так і студэнты. Каранік пачаў размову з таго, што сёння інфармацыя ў дзяржаўных СМІ і альтэрнатыўных крыніцах (сацсетках, тэлеграм-каналах) дрэнна карэлюе паміж сабой:

«Мы адчуваем дэфіцыт бесстароннасці. З’явіліся дзве праўды, не хапае абʼектыўнасці. Гэта ўносіць раскол у грамадства. Пераадольваць праблемы трэба праз дыялог».

Пазней студэнты, спасылаючыся на нядаўні выпадак у Менску, выказалі меркаванне, што ўлада са зброяй у руках наўрад ці хоча дыялогу.

З лёгкага мянчука лекары дасталі кулю, сілавікі стралялі ва ўпор

З кожным выпадкам гвалту Каранік заклікае разбірацца асобна

Сябры ініцыятыўнай групы ўступную прамову сустрэлі прамым пытаннем: ці чакаць у будучыні ціску на актывістаў, іх звальненняў або адлічэнняў за свой пункт гледжання і нязручныя пытанні? Уладзімір Каранік даў слова, што ганенняў не будзе:

«Калі вы не парушаеце дзеючае заканадаўства, ніхто вас пальцам не кране і ніякага ціску не акажа».

Купалаўцы перайшлі да галоўнай тэмы – гвалту над мірнымі пратэстоўцамі, пагрозам, крымінальнаму і адміністрацыйнаму пераследу. Хіба гэта адзіны спосаб нармалізаваць сітуацыю? Так «уціхамірваць» – дапушчальна? Ад гвалту з боку сілавікоў у масках пацярпелі і сябры ініцыятыўнай групы. Адзін з іх накіраваў у СК заяву аб распачынанні крымінальнай справы ў сувязі з неправамерным затрыманнем. Вось рэальны выпадак: увечары 9 жніўня дацэнт У. І. прыехаў у РАУС даведацца пра стан затрыманага раней брата, але ў выніку ўсю ноч правёў за кратамі – туды яго шпурнулі замест таго, каб даць інфармацыю. Раніцай выкладчыку сказалі скупое «прабачце» і адпусцілі. Другая сітуацыя: 12 жніўня навуковага супрацоўніка ўніверсітэту збіў АМАП прама ў цэнтры гораду – без тлумачэння прычын. Супрацоўніка адпусцілі, як ён мяркуе, з-за таго, што побач не было вольнага аўтазаку.

«Уся бюджэтная сфера ў Беларусі запэцканая брудам». Настаўніца з Ліды абвесціла забастоўку, і яе звольнілі

Уладзімір Каранік на пытанні і гісторыі адказаў так:

«Тое, што правы парушаныя, ненармальна, але трэба разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку: што стала прычынай і падставай, наколькі абгрунтаванае ўжыванне сілы і т.д. Не трэба абагульняць, кажучы, што ўсе сілавікі звяры, а ўсе дэманстранты белыя і пухнатыя. Былі парушэнні з абодвух бакоў. У нас у краіне жывуць спакойныя, адэкватныя людзі, якія ў большасці сваёй разумеюць мову пераканання, а не сілы. Таму гвалт на вуліцах мяне палохае і хвалюе. Элемент сілавога затрымання, калі чалавека просяць спыніцца, а ён уцякае, – у рамках дзеючага заканадаўства. Калі ж чалавек упаў, біць нельга».

За гвалт трэба несці маральную і юрыдычную адказнасць. Такая прынцыповая пазіцыя купалаўцаў. Пра выпадкі ўжывання сілы на адрас гарадзенскіх праваахоўнікаў грамадскасці ледзь вядома, а вось пацярпелыя мітынгоўцы дзеляцца гісторыямі са знаёмымі і ў Інтэрнэце. Заканамернае пытанне: дзе крымінальныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў правапарадку, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы? Каранік сказаў, што цяпер заявы ад пацярпелых аб’ядноўваюцца ў адно справаводства, часам цэлымі вуліцамі, на якіх працавалі адны і тыя ж людзі, збіраюцца факты для расследаванняў, каб затым даць прававую ацэнку дзеянням усіх бакоў.

«Пакуль ёсць доблесная менская міліцыя, не будзе пераменаў!» Менчук – пра сваё затрыманне

Мітынг за Лукашэнку ў Горадні быў незаконны

Сябры ініцыятыўнай групы акцэнтавалі ўвагу на тым, што далёка не ўсе пацярпелыя пішуць заявы і звяртаюцца па меддапамогу, а гэта, у сваю чаргу, сведчыць аб нізкім даверы да органаў выканаўчай улады. Нагадалі Уладзіміру Караніку і пра яго шырокае кола паўнамоцтваў у рэгіёне:

«Мы чакаем не толькі правільных словаў, але і такіх жа дзеянняў для рэальнага дыялогу ў мірным рэчышчы«.

Купалаўцы ўпэўненыя: нельга ігнараваць выхад грамадзянаў на вуліцы. Ва ўсіх павінны быць роўныя магчымасці для выражэння сваёй грамадзянскай пазіцыі. Але ці выконваюцца яны? 17 жніўня Гарадзенскі выканкам пайшоў насустрач пратэстоўцам і дазволіў збірацца на плошчах. Але абяцанняў хапіла на 3 дні. На 20 жніўня просьбу правесці мірны пікет улады адхілілі. Пры гэтым 22 жніўня прыхільнікі Лукашэнкі спакойна занялі пляцоўку каля помніка Леніну. Атрымліваецца, з чырвона-зялёным сцягам можна проста заявіць пра пікет, а з бел-чырвона-белым трэба атрымаць дазвол?

Мітынг у падтрыманне дзейнай улады сабраў у Горадні каля трох тысячаў чалавек. ФОТАРЭПАРТАЖ

Каранік адказаў адназначна: «А хто першым пачаў? Тыдзень хадзілі з БЧБ незаконна. Пасля гэтага выйшлі людзі з дзяржаўным сцягам. Нам не было чаго сказаць людзям, чаму іншым можна, а ім нельга. Улада пайшла на фармальныя парушэнні, дазваляючы [22 жніўня мітынг прыхільнікаў Лукашэнкі. – Belsat.eu], каб выканаць прынцып справядлівасці. Я гатовы несці адказнасць. Мы вынесем папярэджанне».

Уладзімір Каранік дадаў, што можна забараніць усім выходзіць на плошчы: у Горадні ёсць альтэрнатыўныя месцы для масавых мерапрыемстваў – Румлёўскі і Каложскі паркі. Ён прапанаваў збірацца там на дыскусіі пад усімі сцягамі.

«Мы гатовыя разгледзець пытанне і даць пляцоўку па заяўным прынцыпе», – запэўніў ён. Дарэчы, выдаткі на паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і ЖКГ (парадку 6 тыс.руб.) у такім выпадку лягуць на дзяржбюджэт.

Што датычыцца галоснасці, вынік ёсць. Прадстаўнік улады прапанаваў дыскусійны клуб у прамым эфіры, дзе адаб’ецца ўвесь плюралізм меркаванняў.

Праваабаронцы: У Беларусі працягваюць затрымліваць мірных грамадзянаў

Фальсіфікацыі на выбарах не абмеркавалі

Не задаволіў купалаўцаў вынік абмеркавання адной канкрэтнай сітуацыі: дзяўчыну з белай стужкай на руцэ не прапусцілі на Савецкую плошчу, дзе ў гэты час прэзентавалі спартыўныя секцыі. Чаму так адбылося? Уладзімір Каранік патлумачыў паводзіны праваахоўных органаў бояззю правакацыяў:

«Калі б не было штодзённых мітынгаў, на стужку ніхто б не рэагаваў».

Ён падкрэсліў, што дзеянні сілавікоў з-за гэтага незабароненага сімвала не маюць законных падстаў:

«Напішыце заяву – правядзем праверку».

Студэнты і выкладчыкі адказалі, што лічаць сегрэгацыю грамадзянаў на сваіх і чужых недапушчальнай.

Беларусы губляюць давер да праваахоўнікаў. Як нам з гэтым жыць далей?

У канцы сустрэчы пагаварылі аб змене сітуацыі ў Беларусі. Старшыня аблвыканкаму не прызнае страйк эфектыўным метадам палітычнай барацьбы: ён павінен вырашаць толькі працоўныя спрэчкі, а цяпер усё ідзе па прынцыпе «на зло маме адмарожу вушы». І прапановы забраць грошы з банкаў, скупіць валюту, не плаціць унёскі ў ФСАН накіраваныя на развал краіны і пагаршэнне агульнага ўзроўню дабрабыту.

Купалаўцы нагадалі, што паслужыла гэтаму прычынай. Страйкоўцы хочуць змяняльнасці ўлады, патрабуюць неадкладнай адстаўкі кіраўніка дзяржавы, таму што сумняваюцца ў яго легітымнасці, не давяраюць уладам і тым, хто стварыў умовы для фальсіфікацыяў, не расследаваў інцыдэнты на выбарчых участках (выпадкі зафіксаваныя на шматлікіх аўдыё- і відэаматэрыялах). На тэму фальсіфікацыяў выразнай гутаркі не атрымалася.

Білі па сцёгнах, акуналі галавою ва ўнітаз. Гісторыя аднаго затрымання ў Гомлі

У хуткай быў не АМАП, а ваенныя медыкі, якія ахоўвалі медыкаў?

Былы міністр аховы здароўя растлумачыў з’яўленне на мітынгах так званых траянскіх коней – машын меддапамогі, унутры якіх былі заўважаныя людзі ў форме (многія тэлеграм-каналы пачалі абмяркоўваць, што транспарт, магчыма, выкарыстоўвалі для падвозу байцоў да месца разгону пратэстоўцаў). Было дадзена тлумачэнне, што гэта аўтамабілі медычнай службы (што відаць на фота). У іх знаходзіліся не супрацоўнікі АМАПу, а вайсковыя медыкі, якія працавалі ў «агменях» падзеяў, каб выключыць траплянне работнікаў хуткай «пад раздачу». За рамкі закона, па словах Караніка, гэта не выходзіць.

Уладзімір Каранік парэкамендаваў усім прыхільнікам іншых кандыдатаў у прэзідэнты і актывістам перайсці ў прававое поле:

«Калі ёсць праграма і канструктыўныя прапановы, якія дапамогуць палепшыць жыццё ў нашай краіне, стварайце грамадскае абʼяднанне або палітычную партыю. Вызначайце перамоўную пазіцыю і патрабаванні, прадʼявіце легітымнага прадстаўніка«. Ён паабяцаў аказаць неабходнае садзейнічанне ў рэгістрацыі структур і накіраваць на кансультацыю да юрыстаў аблвыканкаму.

Ініцыятыўная група Купалаўскага ўніверсітэту мае намер стварыць грамадскую арганізацыю, якая пачне дзейнічаць у ВНУ. Яе праграма будзе агучаная ў бліжэйшыя дні.

Hавiны