Уладзімір Ганчарык: Расследаваць знікненні палітыкаў было б карысна для самой улады


Сёння многія не памятаюць, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 году «выбухнулі» матэрыялы, якія журналістам перадаў апазіцыйны кандыдат, тагачасны прафсаюзны лідар Уладзімір Ганчарык. Менавіта яны пралілі святло на факты, звязаныя са знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Праз 19 гадоў belsat.eu папрасіў Ганчарыка распавесці, адкуль узніклі тыя дакументы, чые імёны там фігуравалі і пры якой умове адбудзецца справядлівае расследаванне гучнай справы.

Уладзімір Ганчарык быў кандыдатам на прэзідэнта ў 2011 годзе.
Фота: Belsat.eu

– Уладзімір Іванавіч, у 2001 годзе вы як адзіны кандыдат ад апазіцыі балатаваліся на пасаду прэзідэнта Беларусі і ў часе перадвыбарчай кампаніі апублікавалі дакументы, званыя са знікненнем апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Што гэта былі за дакументы?

– Я хачу нагадаць, які гэта час быў – 1999, 2000 гады. Гэта быў час, калі ў грамадстве хадзіла шмат чутак, размоваў, чаму знікаюць людзі… Вяліся размовы пра «эскадроны смерці». І калі мне давялося атрымаць копіі гэтых дакументаў, я быў здзіўлены. Як такое магло адбыцца ў нашай краіне? Дакумент пад грыфам «сакрэтна», рапарт генерал-маёра Мікалая Лапаціка, які тады кіраваў крымінальнай міліцыяй на імя міністра ўнутраных спраў Наумава, утрымліваў інфармацыю пра тых, хто даваў каманды па знішчэнні людзей.

Рапарт Лапаціка. Фота bydc.info

Лапацік пісаў: «Дакладваю пра тое, што ў красавіку 1999 году Шэйман даў каманду Паўлічэнку па фізічным знішчэнні былога міністра ўнутраных спраў Захаранкі. Далей, у верасні Паўлічэнка правёў акцыю захопу і знішчэння Ганчара і Красоўскага». Рэзалюцыя Наумава ад 21 лістапада 2000 году была «Для выканання». То бок, Наумаў загадаў Лапаціку выканаць нешта, а што канкрэтна – невядома.

– Калі дакументы апынуліся ў вас, якім чынам вы вырашылі дзейнічаць? Ці адразу перадалі іх прэсе?

– Я не стаў адразу называць прозвішчы, бо я ж не следчы і не ведаў, праўда гэта ці не. Таму было вырашана накіраваць гэтыя дакументы кіраўніку дзяржавы, Аляксандру Лукашэнку. Я напісаў таксама ліст да яго, дзе прасіў, каб ён як «гарант Канстытуцыі, правоў і свабод грамадзяніна» даў каманду неадкладна правесці пільнае расследаванне па гэтых матэрыялах, а паколькі былі пазначаныя канкрэтныя прозвішчы службовых асобаў, на час следства, яны павінны былі быць адхіленыя [ад пасадаў. – Belsat.eu].

Перадвыбарчы плакат 2001 году.
Фота: Уладзімір Фядоранка/РИА Новости

– Што ў дакументах было яшчэ акрамя рапарту Лапаціка?

– Данясенне і рапарт кіраўніка СІЗА Алкаева, матэрыялы праверак, пратаколы ягонага допыту і выдачы расстрэльнага пісталета. І што цікава: даты выдачы вось гэтага пісталета супадаюць з датамі знікнення і Захаранкі, і Ганчара, і Красоўскага. Яшчэ адным дакументам была пастанова аб прэвентыўным затрыманні Дзмітрыя Паўлічэнкі.Тагачасны старшыня КДБ Мацкевіч падпісаў пастанову, дзе гаварылася: «У матэрыялах аператыўнай распрацоўкі ёсць сапраўдныя дадзеныя пра тое, што Паўлічэнка Дзмітрый Валяр’янавіч з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групоўкі, якая займаецца выкраданнем і фізічным знішчэннем грамадзян».

– Дарэчы, было б цікава даведацца, якім чынам такія дакументы трапілі да вас у рукі, хто іх вам перадаў?

– Я атрымаў іх ад Васіля Лявонава [міністр сельскай гаспадаркі Беларусі ў 1994-1997 гадах, памёр у 2015-м. – Belsat.eu]. Якім чынам яны трапілі да яго? Ну, давайце прытрымлівацца ягонай версіі: ад сумленных людзей, якім неабыякавы лёс Беларусі.

– Гаворка пра беларускіх сілавікоў?

– Беларускіх сілавікоў.

Васіль Лявонаў.
Фота: RFE/RL

– Як вы думаеце, ці засталіся такія людзі ў пагонах па сённяшні дзень, хто сам зацікаўлены раскрыць абставіны знікнення былога міністра ўнутраных спраў?

– Я думаю, што такія людзі ёсць. Не ўсе яны выканалі б такія загады. Я прыгадваю, калі падчас выбарчай кампаніі [2001 году. – Belsat.eu] мяне запрашалі ў Следчы камітэт і ў пракуратуру. І потым, калі я ўжо адказваў на пытанні, дадавалі маладыя хлопцы, следчыя: «Уладзімір Іванавіч, мы галасавалі за вас».

Кацярына Андрэева і Уладзімір Ганчарык.
Фота: Belsat.eu

«Я веру Гараўскаму»

– Калі вы дасылалі ліст Лукашэнку і потым прыдавалі галоснасці дакументы, на якую рэакцыю ўладаў разлічвалі?

– Я разлічваў на адно: што будзе праведзеная праверка гэтых фактаў і мне скажуць «дзякуй, мы будзем далей разбірацца». Калі б улада хацела давесці справу да канца і знайсці месцы пахавання Захаранкі, Ганчара… Генеральны пракурор Беларусі тады запрасіў спецабсталяванне з Масквы [для пошуку астанкаў. – Belsat.eu] і яно ўжо ішло сюды, але потым была дадзеная каманда вярнуць усё і на гэтым справа скончылася. Маглі б тады знайсці, тым больш у рапарце Лапаціка было пазначанае месца – спецучастак лагерных магіл на Паўночных могілках. Трэба было праверыць, але не праверылі…

– Са знікнення апанентаў Лукашэнкі прайшло 20 гадоў і за гэты час вырасла цэлае пакаленне, для якога нядаўняе прызнанне ў інтэрв’ю Deutsche Welle былога байца СОБРу Юрыя Гараўскага стала проста сенсацыяй. А вы верыце ягонаму прызнанню?

– Веру. Там шмат такіх дэталяў, што чалавек толькі па нейкіх газетных публікацыях не мог ведаць, напрыклад, адметныя рысы Ганчара [Гараўскі казаў, што на назе Ганчара не хапала пальцаў, іншыя крыніцы, знаёмыя з палітыкам пры жыцці, пацвярджаюць гэта. – Belsat.eu]. Там ёсць такія дэталі, падрабязнасці, якія можна праверыць (і абавязкова трэба праверыць!): хто страляў, куды страляў, хто ездзіў, суправаджаў і г. д.

Hавiны
Як выглядае магчымае месца забойства Ганчара ды Красоўскага
2019.12.17 15:03

– Але за 20 гадоў афіцыйнае расследаванне справы ніяк прасунулася. Пра што гэта кажа?

– Наўрад ці расследаванне адбудзецца, пакуль існуе гэтая ўлада… Знаёмыя юрысты выказвалі думку, што на першапачатковым этапе ўсе следчыя дзеянні былі праведзеныя, і праведзеныя кваліфікавана, але потым пачаўся «тормаз».

Зрэшты, у 2002 годзе на пытанне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валера Фралова пра зніклых людзей сам Шэйман адказваў, што атрыманыя следствам дадзеныя дазвалялі «з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што Захаранка быў выкрадзены неўстаноўленымі асобамі і звезены на машыне ў невядомым кірунку», гэта цытата з публікацыі «Народнай волі».

– Пасля прызнання Гараўскага нават апалітычныя людзі актыўна абмяркоўвалі гэтую тэму. На ваш погляд, сёння ў беларускім грамадстве ёсць запыт на яшчэ больш інфармацыі пра знікненні апанентаў Лукашэнкі? Наколькі пытанне ўсцяж актуальнае?

– Я мяркую, такі запыт ёсць, патрэба ёсць. Гэта трэба для развіцця свядомасці грамадства і для самой улады, каб ёй давяралі. Але як магчыма давяраць, калі такое адбывалася на самай справе? Уладзе неабходна зрабіць рашучыя крокі. Лукашэнка ж неаднаразова публічна прызнаваў, што аддаваў загады знішчаць бандытаў, злодзеяў у законе. Ну вось, варта пайсці далей і прызнаць і гэтыя факты.

Фота: Belsat.eu

Хто аддаў загад?

– Але ж Лукашэнка таксама казаў, што сам нібыта больш за іншых зацікаўлены ў тым, каб даведацца пра лёс зніклых…

– А давайце параўнаем са справай Мікалуцкага. Гэта быў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці і сябар Лукашэнкі [Яўген Мікалуцкі загінуў у 1997 годзе ў выніку выбуху. –Belsat.eu]. Як ён паступіў тады? Ён казаў, што гэта замах на прэзідэнта! Былі жорсткія ўказанні разгледзець гэтую справу – і яе насамрэч разгледзелі. Знайшлі вінаватых, адбыўся суд. А як рэагуе Лукашэнка на прызнанне Гараўскага? Кажа, што Віця Ганчар – сябар, з якім у лазню хадзілі. І што, справа на кантролі ў прэзідэнта?

Вось такая рэакцыя і апраўданні, што Ганчара і Захаранку потым недзе бачылі, што Захаранка атрымаў нейкія грошы з Украіны – навошта такое казаць?

Hавiны
Поўны «спіс Гараўскага»: усё, што вядома пра імаверных забойцаў апанентаў Лукашэнкі
2019.12.25 10:39

– Пра якое асабістае стаўленне Лукашэнкі да справы зніклых сведчыць такая ягоная рэакцыя?

– Мяне здзівіла, калі ў інтэрв’ю Венедзіктаву для «Эха Москвы» Лукашэнка заявіў, што не аддаваў такіх загадаў [знішчаць апанентаў. – Belsat.eu]. Але ніхто яму і не казаў, што прэзідэнт аддаваў загад. Тым не менш, хтосьці яго ўсё ж аддаў. Мая выснова: не ведаць усе абставіны знікненняў Лукашэнка не можа, ён ведае.

Задача ўлады цяпер, калі следства ў чарговы раз аднавілася, – давесці да канца гэтую справу і, можа, каб менш палітыкі там было, а разгледзець менавіта крымінальную справу: хто канкрэтна ўдзельнічаў у злачынстве.

– Ці даводзіцца разлічваць, што справа будзе разгледжаная пры дзейным рэжыме? Што можа прымусіць Лукашэнку пайсці на такі крок?

– Цяжка разлічваць. Але, паглядзіце, Гараўскі чамусьці ж праявіўся праз столькі гадоў? Магчыма, гэта сумленне, магчыма, нешта іншае. Гэтак і ў адносінах да прэзідэнта можна разважаць. Справа ў тым, каб у яго была акрэсленая пазіцыя, што варта расследаваць да канца. Гэта было б карысна і для грамадства, і для самой улады.

Гутарыла Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў