Уладзімір Блізнюк – этнічны беларус, які загінуў за Украіну


Уладзімір Блізнюк, фота sknews.net

Блізнюк быў грамадзянінам Украіны, але этнічным беларусам. Ён загінуў у 26 гадоў. Ягоныя бацькі паходзяць з Беларусі, піша сайт «Суспільный кореспондент».

Маці Блізнюка, Алена – артыстка, нарадзілася ў Гарадзенскай вобласці, бацька – былы вайсковец, скончыў Чарнігаўскае лётнае вучылішча. Менавіта таму сям’я і пераехала ва Украіну.

«Украіна стала нашай другой Бацькаўшчынай», – кажа Алена Белеванцава.

Яна распавядае, што Уладзімір захапляўся вывучэннем моваў, меў выдатную ангельскую. Служыў у войску ў Харкаве, што паўплывала на ягоныя погляды, граў на гітары, займаўся рукапашным боем. Юрыдычны факультэт ён скончыць не паспеў, бо пачаўся Майдан і Уладзімір з сябрамі ездзілі туды. Маці ўзгадвае, як ён казаў: «Будзе вайна, трэба рыхтавацца». А потым прыйшла вайна і хлопец паехаў добраахвотнікам на перадавую.

Уладзімір Блізнюк з маці Аленай, фота sknews.net

Спачатку на фронт хацеў патрапіць і бацька, але праз узрост яго не ўзялі. А Уладзімір служыў у 13 тэрытарыяльным батальёне.

«Валодзі спачатку прапаноўвалі служыць на мяжы, ён сам хацеў быць на перадавой, вызваляць украінскія гарады і вёскі, захопленыя падступным агрэсарам. Ваяваў мужна і загінуў, як сапраўдны герой, – бо ён павесіў украінскі сцяг на сельсавеце вызваленай станіцы Луганскай. Але трапіў пад варожы мінамётны абстрэл. Гэта адбылося 6 верасня 2014, у першы дзень так званага «перамірʼя» з менскім дамоўленасцямі», – распавядае маці загінулага.

Алена Белеванцава таксама паведаміла журналістам, што падчас нядаўняга візіту амбасадара Беларусі ва Украіне Ігара Сокала ў Чарнігаў, ён сустракаўся з ёю і падараваў жанчыне беларускі нацыянальны касцюм.

***

За час вайны на Данбасе загінуў адзін грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку Украіны, гэта Алесь Чаркашын з Берасця. Сярод тых, хто ваяваў за сепаратыстаў, загінулых беларусаў болей. Паводле звестак belsat.eu, іх было як мінімум сямёра.

Усяго ж праз вайну на Данбасе прайшло каля тысячы беларусаў. Падрабязней чытайце ў расследаванні belsat.eu, прысвечаным беларусам, якія бралі ўдзел у вайне на ўсходзе Украіны з 2014 года.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары