Улады заклапаціліся працоўнай міграцыяй спецыялістаў


Трэці год запар у нашай краіне расце колькасць працоўных мігрантаў. Толькі летась колькасць працуючых за мяжой беларусаў (не змяняючы свайго пастаяннага месца жыхарства) склала 95,4 тысячаў чалавек. Пра гэта паведаміў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Варта адзначыць праблемы і з вонкавай працоўнай міграцыяй, асабліва выезду людзей з высокім узроўнем кваліфікацыі», – цытуе словы Міхаіла Мясніковіча газета «Звязда».

У 2017 годзе колькасць беларусаў, якія працавалі за межамі рэспублікі (да 1 года), склала 83 тысячаў чалавек, з іх 83,9 % працавалі ў Расеі. Гэта звесткі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак для вывучэння праблемаў занятасці насельніцтва. У 2016 годзе за межамі краіны працавалі 59,5 тысячаў чалавек, у 2015 – 39,4 тысячаў, у 2014 – 62,2 тысячаў чалавек.

Паводле дэпартаменту па міграцыі і грамадзянству МУС, на заробкі за мяжу ў мінулым годзе выехала 11 093 беларусаў. Гэта рэкордная лічба. Удакладнім, што звесткі тых краінаў, у якія едуць працаваць беларусы, адрозніваюцца, як правіла, у большы бок. Гэтак, паводле Дэпартаменту па міграцыі і грамадзянству МУС, у Латвіі ў мінулым годзе працаўладкавалася 2 беларусы, а па звестках латышскага боку – 1824.

Улады раней неаднаразова ўздымалі пытанне працоўнай міграцыі беларусаў. Напрыклад, каб утрымаць медыкаў, улады плануюць падрыхтаваць пастанову, паводле якой асобныя спецыялісты якія працуюць у медыцыне, за спецыфіку працы атрымаюць дадатковыя выплаты.

Таксама прынята рашэнне падняць заробкі будаўнікам. У Менбудархітэктуры тлумачылі, што ў 2017 годзе амаль 50 % ад усіх якія з’ехалі на заробкі за мяжу склалі будаўнікі.

Раней у лістападзе 2018 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найважнейшымі задачамі будаўнічай галіны зʼяўляюцца захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу.

«У апошнія гады ідзе сурʼёзны адток спецыялістаў. За пяць гадоў галіна страціла больш за 50 тысячаў працаўнікоў, лепшых работнікаў. Яны зʼязджаюць на заробкі за мяжу. Чаму там не відаць нашых падрадчыкаў?», – спытаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў жніўні 2018 года звярнуў увагу на праблему нізкіх заробкаў і працоўнай міграцыі. Паводле яго словаў, кожны чацвёрты беларус, які зʼехаў на заробкі за мяжу, – з Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Раней пра праблему «адчувальнай» працоўнай міграцыі заяўлялі ў Федэрацыі прафсаюзаў. У арганізацыі перакананыя: каб стрымаць яе, трэба «нароўні з ростам зарплаты беларусам прадстаўляць сучасныя ўмовы перанавучання».

Hавiны
Уладзімір Карагін: Беларусі пагражае масавая міграцыя моладзі
2018.11.14 12:58

СК, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў