Улады вызначыліся, адкуль сыходзяць галоўныя інфармацыйныя пагрозы Беларусі


Беларусь павінна адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы ў інфармацыйнай сферы «з выкарыстаннем усіх наяўных сілаў і сродкаў». Пра гэта гаворыцца ў узгодненай 12 сакавіка кіраўніком краіны канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі.

Копія дакументу распаўсюджваецца ў тэлеграм-каналах. Адна з крыніцаў TUT.BY пацвердзіла, што частка дакументу – сапраўдная, другая назвала яго «вельмі падобным».

Згодна з канцэпцыяй, інфабяспека Беларусі грунтуецца на прынцыпах інфармацыйнага суверэнітэту і інфармацыйнага нейтралітэту.

Першае азначае, што дзяржава сама вызначае правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфарэсурсамі, вядзе незалежную вонкавую і ўнутраную інфармацыйную палітыку і фармуе нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру.

Нейтралітэт у канцэпцыі разумеецца як міралюбная вонкавая інфармацыйная палітыка, павага да правоў іншых дзяржаваў у гэтай сферы, неўмяшанне ў інфармацыйную сферу іншых краінаў, ненанясенне шкоды інфармацыйнай інфраструктуры іншых краінаў і неўцягванне ў іх канфлікты.

«Пры гэтым Рэспубліка Беларусь адстойвае ўласныя нацыянальныя інтарэсы ў інфармацыйнай сферы з выкарыстаннем усіх наяўных сілаў і сродкаў».

Асноватворны нацыянальны інтарэс Беларусі з гуманітарнага пункту погляду – магчымасць грамадзянаў рэалізоўваць свае правы на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, свабоду меркаванняў і таямніцу асабістага жыцця, сказана ў дакуменце.

У канцэпцыі адзначаецца, што ў Беларусі развіваецца інфармацыйнае ўзаемадзеянне грамадзянаў.

«Ствараюцца сеткавыя супольнасці для камунікацыі, абмену інфармацыяй, досведам і ведамі, грамадскага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў, шырока ўжываецца практыка краундфайндынгу, павышаецца роля грамадскіх саветаў і незалежных экспертаў у прыняцці рашэнняў дзяржаўнымі органамі, фармуюцца інстытуты грамадскага самакантролю ў мэтах захавання гістарычнай, культурнай спадчыны і ўмацавання прававой свядомасці».

Аўтары дакументу адзначаюць, што ў выніку пастаяннага з’яўлення новых крыніцаў інфармацыі, зніжаецца доля айчыннага кантэнту ў інфармацыйнай прасторы.

«Зыходзячы з гэтага неабходна на дзяржаўным узроўні прымаць меры па павышэнню абʼёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага кантэнту, хуткасці яго прадстаўлення, даверу насельніцтва да афіцыйнай інфармацыі і дзяржаўных СМІ, адаптацыі формаў распаўсюду інфармацыі для першачарговых інфармацыйных патрэбаў грамадзянаў, а таксама для дасягнення балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы».

Асноўнай крыніцай пагрозаў для Беларусі ў інфармацыйнай сферы канцэпцыя называе «інфармацыйнае супрацьстаянне паміж вядучымі сусветнымі цэнтрамі сілы, мэтанакіраванае фармаванне ўнутры і за межамі краіны інфармацыйных падставаў для дыскрэдытацыі дзяржаўнай вонкавай і ўнутранай палітыкі«.

«Усё большую заклапочанасць выклікае актыўнае распаўсюджванне ў інфармацыйнай прасторы фальсіфікаванай, непраўдзівай і забароненай інфармацыі. Зніжэнне крытычнага стаўлення спажыўцоў інфармацыі да «фэйкавых» паведамленняў навінавых рэсурсах, у сацыяльных сетках і на іншых анлайн-платформах стварае перадумовы наўмыснага выкарыстання дэзынфармацыі для дэстабілізацыі грамадскай свядомасці ў палітычных, сацыяльна-небяспечных, іншых падобных мэтах».

Дзяржава ставіць на мэце фармаваць устойлівы імунітэт «супраць дэструктыўных інфармацыйна-псіхалагічных уздзеянняў на масавую грамадскую свядомасць», а ў неабходных выпадках – супрацьдзейнічаць ім.

Нагадаем, 12 сакавіка прэзідэнт Беларусі правёў нараду з Радай Бяспекі. На нарадзе абмяркоўвалася новая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Паводле словаў дзяржсакратара Рады бяспекі Станіслава Зася, на наступным тыдні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі будзе афіцыйна зацверджаная і апублікаваная.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў