Улады Украіны расчараваныя тым, што Беларусь выдала Расеі вагнэраўцаў


Офіс прэзідэнта Украіны пракаментаваў у Facebook выдачу Беларуссю затрыманых баевікоў у Расею.
«Украіна са шкадаваннем успрымае рашэнне Рэспублікі Беларусь перадаць Расеі раней затрыманую групу асоб, якія належаць да прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра». Безумоўна, Рэспубліка Беларусь – незалежная дзяржава з уласнай пазіцыяй, але ўкраінскі бок чакаў больш юрыдычна карэктнага і ўзважанага рашэння», – гаворыцца ў заяве.
32 грамадзяніна Расеі, затрыманыя ў Беларусі напрыканцы ліпеня паводле падазрэння ў арганізацыі масавых беспарадкаў, вярнуліся ў Расею. Пра гэта паведаміла Генпракуратура Расеі. Яшчэ адная асоба таксама мае беларускі пашпарт, і яна вырашыла застацца ў Беларусі.

У Генпракуратуры падкрэслілі, што «перадача асобаў адбылася ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства Расеі і Беларусі». Рашэнне было прынята пасля хадайніцтва генпракурора Расеі Ігара Краснова.
29 ліпеня КДБ Беларусі і АМАП затрымалі 33 чалавекі, у асноўным грамадзянаў Расеі, якіх падазраюць у дачыненні да ЧВК Вагнэр. Беларускія праваахоўнікі сцвярджалі, што яны прыбылі ў краіну для дэстабілізацыі сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У Маскве заявілі, што віна затрыманых расейцаў нічым не даказаная. Вагнэраўцы ў сваіх паказаннях распавядалі розныя версіі, чаму яны прыехалі ў Беларусь. Адныя казалі, што па розных прычынах ехалі ў Стамбул транзітам праз Менск, другія тлумачылі, што ехалі ў Лацінскую Амерыку.
Паводле версіі ўкраінскіх праваахоўнікаў, 28 «вагнэраўцаў» ваявалі на баку акупацыйных адміністрацыяў «ЛНР» і «ДНР». Дзевяць з іх — грамадзяне Украіны. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева завочна узяў ўсіх падазраваных пад варту на два месяцы. Раней магчымую экстрадыцыю баевікоў абмеркавалі па тэлефоне прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Стужка навінаў