Кіеў заяўляе пра 139 палонных украінцаў у «ДНР» і «ЛНР»


У палоне самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» застаюцца 139 украінцаў, паведаміла ўпаўнаважаная прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні на Данбасе Ірына Герашчанка.

Яшчэ 788 чалавек, па ейных словах, лічацца прапалымі без вестак, падае Бі-Бі-Сі.

«Пытанне вызвалення і пошуку будзе адным з ключавых на сустрэчы міністраў замежных спраў у Берліне ў нармандскага фармаце 6 лістапада», – дадала спадарыня Герашчанка.

Раней у чацвер на Данбасе адбыўся абмен, у выніку якога былі вызваленыя дзевяць украінскіх грамадзянаў – восем вайскоўцаў і адзін цывільны. Прадстаўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» атрымалі ад украінскага боку 11 сваіх палонных.

У Расеі за кратамі па-ранейшаму застаецца ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка.

Глядзіце таксама: «Мы з няволі забіраем людзей, якія штодня жывуць у пекле». Як вызваляюць закладнікаў на Данбасе?

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў