Улады сарвалі перадвыбарчы мітынг Ціханоўскай: тысячы менчукоў усё роўна яе падтрымалі


Некалькі тысяч менчукоў сабраліся ў Кіеўскім скверы Менску, каб выказаць салідарнасць і падтрымку кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай. За некалькі гадзін да сустрэчы, штаб Святланы Ціханоўскай мусіў адмяніць запланаваны перадвыбарчы мітынг у парку Дружбы народаў. Ён быў запланаваны на 18.00 6 жніўня яшчэ ў дзень рэгістрацыі кандытатаў у прэзідэнты 14 ліпеня.

Напярэдадні штаб кандыдаткі ў прэзідэнты атрымаў паведамленне Менгарвыканкаму, што ў гэты дзень і ў гэты час у парку Дружбы народаў будзе праходзіць свята Чыгуначных войскаў. На скаргу давераных асобаў улады не адрэагавалі, а спробы адшукаць іншую пляцоўку закончыліся безвынікова: у кожным месцы магчымага правядзення перадвыбарчых мітынгаў, якія вызначылі гарадскія ўлады, таксама былі запланаваныя дзяржаўныя мерапрыемствы. У Кіеўскім скверы Менску мусіў адбыцца «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі», які паабяцала наведаць і Святлана Ціханоўская.

Акцыя ў Кіеўскім скверы. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Гэтак, у парку Дружбы народаў замест перадвыбарчага мітынгу адбылася дэманстрацыя вайсковай будаўнічай тэхнікі, кінолагі зладзілі выставу службовых сабак, прысутным раздавалі бясплатную вайсковую кашу, а канцэртную праграму складалі музычныя гурты, якія выконвалі савецкія і вайсковыя патрыятычныя спевы. Імпрэза праходзіла пад узмоцненай аховай міліцыі, АМАПУ, і вайскоўцаў. У ваколіцах парку стаялі дзясяткі аўтазакаў і машыны хуткай дапамогі. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, колькасць удзельнікаў дзяржаўнага свята складала 400-450 чалавек. У пераважнай бальшыні – курсанты вайсковых вучэльняў і моладзь з чырвонымі сцягамі камуністычнай партыі.

Іншаземец на ровары. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прыхільнікі Святланы Ціханоўскай, якія ішлі на абвешчаны мітынг у парк Дружбы народаў, перанакіроўваліся ў Кіеўскі сквер. Гэтак к 18.00 гадзінам там сабраліся некалькі тысяч чалавек і колькасць прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай павялічвалася яшчэ некалькі гадзін. Многія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама зладжана скандавалі «Верым, можам, пераможам», Уходи», «Жыве Беларусь» і многія іншыя патрыятычныя лозунгі.

Гукачы Палацу дзяцей і моладзі.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Авацыямі ўсе прысутныя сустрэлі песню Віктара Цоя «Перамен», якую ўключылі дыджэі свята – «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі». Неўзабаве каля музычнага цэнтру, які забяспечваў музычнае аздабленне свята, з’явіліся прадстаўнікі ўладаў, якія выключылі музыку і заблакавалі працу гукарэжысёраў. Як паведаміў адзін з іх – супрацоўнік Палацу дзяцей і моладзі – яго змусілі працаваць на дзяржаўнай імпрэзе, але ён таксама прыхільнік перамен і гэтак выказаў сваю пазіцыю і салідарнасць усім прысутным.

Фота: Тэлеграм МКБ
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава дабіраліся да Кіеўскага скверу паасобку, а Святлана Ціханоўская нават ішла пешкі. Аднак, перадвыбарчы штаб прыняў рашэнне не праводзіць прамоў, каб пазбегнуць інцыдэнтаў і правакацыяў. Таму Святлана Ціханоўская неўзабаве пакінула Кіеўскі сквер, таксама, як і Марыя Калеснікава ды Вераніка Цапкала. Яны дзякавалі сваім прыхільнікам і прасілі іх паволі і спакойна разыходзіцца.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Большасць прысутных разышліся каля 21.00, але некалькі сотняў чалавек з уключанымі ліхтарамі тэлефонаў заставаліся ў Кіеўскім скверы шмат пазней. Увесь час Кіеўскі сквер заставаўся ў аблозе аўтазакаў, мікрааўтобусаў з міліцыяй і АМАПам. Па завяршэнні сустрэчы стала вядома, што двое гукарэжысёраў, якія зладзілі «музычную інтэрвенцыю» з песняй «Перамен» перасталі выходзіць на сувязь, а іх тэлефоны сталіся адключанымі.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Стужка навінаў