Карупцыйны скандал у алкагольнай галіне: 7 чалавек пойдуць пад суд


У прэс-службе ўраду пацвердзілі, што старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела і генеральны дырэктар ААТ «Менск Крышталь» – кіроўнай кампанія холдынгу «Менск Крышталь Груп» Станіслаў Іодзіс 21 і 22 кастрычніка, адпаведна, вызваленыя ад займаных пасадаў праз правалы ў барацьбе з карупцыяй. Пра гэта піша БелТА.

Раней «Белсат» ужо паведамляў пра адстаўку Забелы і імаверную адстаўку Іодзіса. Цяпер гэтая інфармацыя атрымала афіцыйнае пацверджанне.

Ва ўрадзе прызнаюць, што на шэрагу прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім», праваахоўнымі органамі былі выяўлены факты карупцыйнай дзейнасці.

«У сувязі з гэтым у такіх арганізацыях, як ААТ «Менск Крышталь» – кіроўная кампанія холдынгу «Менск Крышталь Груп», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», ААТ «Пінскі вінаробны завод», а таксама ў ААТ «Хімрамонт» былі звольненыя на розных падставах агулам сем працаўнікоў, якія займаюць розныя кіроўныя пасады», – праінфармавалі БелТА ў прэс-службе.

Ілюстрацыйнае фота Stanislaw Sas / Forum

Паводле КДБ, карупцыйныя схемы ў алкагольнай галіне насілі сістэмны характар. Так, заснавальнікі фірмаў «Эталон-Маркет» і «Фінікон», пры дапамозе хабараў лабіявалі свае інтарэсы па пастаўцы абсталявання, прэпаратаў і іншых кампанентаў для дзяржаўных заводаў. Памер «узнагароджанняў» складаў ад $ 500 да € 15 000.

У шырокую карупцыйную схему былі ўцягнутыя дзяржпрадпрыемствы розных рэгіёнаў, таму аператыўнікі адначасова працавалі ў Менскай і Віцебскай абласцях. У выніку пры атрыманні хабараў былі затрыманыя службовыя асобы прадпрыемстваў алкагольнай галіны, прычым у аднаго з іх падчас следчых дзеянняў канфіскаваныя $75 тыс. Затрыманыя далі прызнальныя паказанні, сямёра сталі фігурантамі крымінальных справаў, распачатых па арт. 430 КК («Атрыманне хабару»). У дачыненні да чатырох фігурантаў абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад стражу.

  • У верасні з’явілася інфармацыя пра карупцыйны скандал у «Менск Крышталь Груп». Паводле неафіцыйных звестак, праваахоўнікі зацікавіліся шэрагам топ-менеджараў холдынгу, у тым ліку галоўным інжынерам Аляксандрам Жарынам.
  • Холдынг «Менск Крышталь Груп» уваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белдзяржхарчпрам».
Hавiны
Топ-чыноўніка з энергетычнай сферы Беларусі пакаралі 8,5 гадамі пазбаўлення волі
2019.08.23 22:07

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў