Улады прыдумляюць новыя спосабы барацьбы з кіроўцамі, якія падтрымліваюць пратэст на вуліцах


З пачатку вясны пачынае дзейнічаць закон, паводле якому ў кіроўцаў могуць забраць правы за гудок каля правядзення масавых мерапрыемстваў ці за блакаванне вуліц, піша Onliner.

У новым КаАП з’явіўся пункт 18.13.4 «Парушэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, правілаў карыстання гукавымі сігналамі ў месцы правядзення масавага мерапрыемства». За гэта прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў да 1 года або без пазбаўлення.

Нагадаем, што ровар таксама з’яўляецца транспартным сродкам і ён павінен мець гукавы сігнал.

Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Гэта значыць, што за любы гудок, пададзены не дзеля прадухілення ДТЗ змогуць аштрафаваць на 290 рублёў, пазбавіць правоў на год, калі побач праходзіць мерапрыемства. Аднак у кодэксе не пазначаецца, пра якія менавіта масавыя мерапрыемствы ідзе гаворка – санкцыянаваныя ці не.

Паводле закону РБ «Аб масавых мерапрыемствах» пад гэта азначэнне трапляюць сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаванне, спартыўна-масавае, культурнае, рэлігійнае мерапрыемства, што праводзяцца ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканні.

Акрамя таго, становіцца больш жорсткай адказнасць за наўмыснае блакаванне дарог. Уведзены новы пункт – артыкул 18.1.2 КаАП «Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый асобай, якая кіруе транспартным сродкам, у месцы правядзення масавага мерапрыемства альбо пацягнуўшае стварэнне аварыйнай абстаноўкі». За такое парушэнне збіраюцца штрафаваць да 50 базавых з пазбаўленнем правоў ад аднаго да двух гадоў або без пазбаўлення.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў