Улады прыдумалі, як заахвоціць школьнікаў ісці ў IT


Ілюстратыўнае фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Штогод Беларускі тэхнапарк будзе бясплатна вучыць дзве тысячы адораных беларусаў пачынаючы з шостага класу.

12 красавіка, у дзень візіту у Беларускі парк высокіх тэхналогіяў, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. Ён мае з’явіцца ў Менску да 1 студзеня 2021 года.

Штогод у тэхнапарку будуць праходзіць навучанне каля дзвюх тысячаў найбольш адораных вучняў 6–11-х класаў з усіх куткоў Беларусі.

Для іх распрацуюць адмысловую трохтыднёвую адукацыйную праграму. Пасля яе праходжання школьнікі працягнуць займацца з выкладчыкамі тэхнапарку дыстанцыйна паводле індывідуальнай праграмы.

У ПВТ створаць вучэбна-лабараторны корпус з сучасным абсталяваннем ды інтэрнат для пражывання навучэнцаў. Пражыванне і харчаванне будуць забяспечвацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Такім чынам дзяржава хоча матываваць школьнікаў да выбару будучай прафесіі ў сферы навукі і высокіх тэхналогіяў, падае прэсавая служба кіраўніка Беларусі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў