Улады «прэсуюць» журналістаў з Гомлю, сёння судзілі Жукоўскага і Шчыракову


З пачатку года журналісту Кастусю Жукоўскаму агулам прысудзілі 45 млн рублёў штрафу за працу «без акрэдытацыі».

4 лютага Буда-Кашалёўскі раённы суд разглядаў адміністрацыйную справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера з Гомлю Кастуся Жукоўскага. Яго звінавацілі ў «вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» (артыкул 22.9 КаАП). Суддзя Уладзімір Пракапенка прысудзіў фрылансеру штраф у памеры 40 базавых велічыняў (8 млн 400 тыс. рублёў). Да ўдзелу ў разглядзе адміністратыўнай справы не дапусцілі юрыста Леаніда Судаленку, які збіраўся прадстаўляць інтарэсы Кастуся Жукоўскага.

Нагодай для штрафу стаў сюжэт з Буда-Кашалёўскага раёну «Расея спыняе беларускія заводы», які быў паказаны ў эфіры нашага тэлеканалу 16 снежня мінулага года.

Яшчэ два падобныя пратаколы за нібыта незаконна выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ ў дачыненні да Кастуся Жукоўскага склалі міліцыянты Веткаўскага РАУС. Гэтым разам за сюжэт, прысвечаны гаротнаму стану мясцовых прадпрыемстваў, а таксама за сюжэт пра вучобу ў малодшых класах лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Святланы Алексіевіч у вёсцы Прысна Веткаўскага раёну.

Калі будуць разглядацца справы ў Веткаўскім раённым судзе, пакуль невядома. З улікам папярэдніх сёлетніх штрафаў журналіст мусіць заплаціць у дзяржбюджэт 45 млн 150 тыс. рублёў – гэта трэцяя частка агульнай сумы, на якую аштрафавалі беларускіх журналістаў за ўвесь мінулы год.

Сёння ж араённы суд Гомлю разглядаў адміністрацыйны пратакол паводле арт.22.9 КаАП у дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яе судзілі за відэасюжэт пра жыллёвыя ўмовы ў доме N8 па вуліцы Касмічнай у Гомлі. Суддзя Алена Шайн спыніла справу праз адсутнасць у дзеяннях журналісткі складу правапарушэння.

НМ, belsat.eu, паводле ГА «БАЖ»

Стужка навінаў