Улады Панамы вядуць расследаванне ў дачыненні да кампаніі, якая належыць блізкаму сябру Пуціна

ВІДЭА

Улады Панамы ў 2016 годзе распачалі расследаванне ў дачыненні да афшорнай кампаніі, якой валодае сябар прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, віяланчэліст Сяргей Ралдугін.

Яшчэ 21 снежня 2016 года ў офіс кампаніі Mossack Fonseca, якая рэгіструе афшоры, прыйшоў запыт з падраздзялення пракуратуры Панамы, што займаецца барацьбой з арганізаванай злачыннасцю. У гэтым запыце пракурор прасіў падаць усе наяўныя дакументы на кампанію Сяргея Ралдугіна Internatiomal Media Overseas S.A. (IMO), каб уключыць іх у матэрыялы расследавання па падазрэнні ў эканамічным злачынстве.

«Новая газета» адзначае, што IMO гуляла важную ролю ў афшорнай імперыі Ралдугіна. Гэтая кампанія праводзіла сумнеўныя здзелкі з акцыямі найбуйнейшых дзяржкампаніяў Расеі, што дазваляла ёй зарабляць мільёны долараў проста з паветра.

У красавіку 2016 года Mossack Fonseca накіравала ўладам Брытанскіх Віргінскіх выспаў «справаздачу аб падазронай дзейнасці» ў дачыненні да іншай кампаніі Ралдугіна, Sonnette Overseas.

Нагадаем, у так званым «Панамскім архіве» былі знойдзеныя дадзеныя аб афшорах блізкага сябра Уладзіміра Пуціна, віяланчэліста Сяргея Ралдугіна. Ралдугін валодаў кампаніямі з абаротам у некалькі мільярдаў долараў, якія здзяйснялі сумнеўныя здзелкі і атрымлівалі грошы ад расейскіх мільярдэраў. Эксперты мяркуюць, што гэтыя грошы насамрэч могуць належыць асабіста Пуціну.

ІІ, belsat.eu, паводле Новая газета

Глядзі таксама
Каментары